Аналіз творчасці Кастуся Каліноўскага. Жыццёвы шлях і рэвалюцыйна-асветніцкая дзейнасць
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе
і часам спамяні праз Яську свайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.
К. Каліноўскі
Барацьбітом за разняволенне, роўнасць, нацыянальнае адраджэнне Беларусі з'яўляецца правадыр паўстання 1863—1864 гг. Канстанцін Вінцэнт Каліноўскі. Нарадзіўся ён у шляхецкай сям'і на Гродзеншчыне ў вёсцы Мастаўляны (зараз тэрыторыя Беластоцкага ваяводства ў Польшчы). Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі і на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Атрымаўшы званне кандыдата права, К. Каліноўскі вяртаецца на радзіму, дзе разам з паплечнікамі В. Урублеўскім (будучым генералам Парыжскай камуны) і Ф. Ражанскім наладжвае выпуск першай беларускай газеты "Мужыцкая праўда". Упершыню на роднай мове ў ёй апавядалася аб праўдзе, у чаканні якой так збалеліся сялянскія сэрцы. Невялікая па фармаце, газета нагадвала лістоўку-заклік, у якой на адным ці двух баках папяровага ліста лацінскімі літарамі друкаваўся тэкст. Усяго ў 1862—1863 гг. выйшла сем нумароў газеты (спачатку ў Беластоку, потым у Вільні), падпісаных псеўданімам К. Каліноўскага "Яська — гаспадар з-пад Вільні". Разгортваючы карціны народнага бяспраўя, крыўд, рэкруцкіх павіннасцей, газета ў даступнай форме паказвала антынародную сутнасць царскай палітыкі і суда, тлумачыла прычыны сацыяльнай няроўнасці, выкрывала грабежніцкі характар сялянскай рэформы 1861 г., дараванай царом Аляксандрам іі — "вызваліцелем". Суд, на думку К. Каліноўскага, быў толькі дадаткам царскай адміністрацыі. Ён справядліва параўноўвае судовых чыноўнікаў з воўчай зграяй, "дзе не разбіраюць, чы за табой праўда, чы не, а скубуць адно як могуць". Бунтарская па ўсёй сваёй сутнасці, "Мужыцкая праўда" заклікала беларускі народ да ўзброенага паўстання супраць існуючага ладу. Так, заключныя радкі першага і трэцяга нумароў газеты заклікаюць сялян да згуртавання, да ўсведамлення сябе людзьмі высокай чалавечай годнасці, да ўсенароднай барацьбы за вольнасць, свабоду: "Няма чаго ждаці ад нікога, бо той толькі жне, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою, — не шкадуйце працы, каб і мужык быў чалавекам вольным". Апошнія радкі сёмага нумара поўныя аптымізму, бязмежнай веры і ўпэўненасці ў перамозе над маскоўскім прыгнётам: "Станьма дружна разам за нашу вольнасць!.. А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам ды бацькам". Выяўляючы самой назвай газеты яе народнасць, паэтызуючы сялянскую мару аб справядлівасці і праўдзе, К. Каліноўскі сцвярджаў сацыяльна-палітычныя ідэі, даволі актуальныя і ў нашы дні. Так, словы "не народ для ўрада, а ўрад для народа" (іх у якасці эпіграфа можна прачытаць на першай старонцы газеты "Рэспубліка") гучаць вельмі злабадзённа і сёння, у час адраджэння беларускай дзяржаўнасці. Зямля ў новым грамадстве, лічыць К. Каліноўскі, павінна належаць народу. "Мужыцкая праўда" стала яркім выражэннем адносін яе аўтара да рэлігіі і шляхты. У шостым нумары газеты К. Каліноўскі выступае ў абарону ўніяцтва — фактычна нацыянальнай рэлігіі нашых дзядоў-прадзедаў. Узнікшы паводле Берасцейскай уніі 1596 г., гэты кірунак хрысціянства быў скасаваны ў 1839 г. Прызнаючы асноўныя каноны каталіцызму з рымскім папам на чале, вернікі маліліся на роднай мове па ўсходнім абрадзе. Падчас паўстання 1863-1864 гг. амаль 80% насельніцтва Беларусі лічылі сябе ўніятамі. і К. Каліноўскі, разумеючы абмежаванасць шляхты з яе саслоўнымі традыцыямі, класавым эгаізмам, імкнуўся ўзняць на паўстанне супраць царызму асноўныя масы сялянства. Паўстанне пачалося ў студзені 1863 г. Спачатку К. Каліноўскі ўзначальваў Літоўскі правінцыйны камітэт, а затым быў рэвалюцыйным камісарам на Гродзеншчыне і кіраўніком Віленскага паўстанцкага цэнтра, які падзяліўся на дзве часткі: "чырвоных", прыхільнікаў радыкальных змен, і "белых", гатовых да кампрамісаў з царызмам. "Чырвоныя", прадстаўленыя дробнай шляхтай (часам беззямельнай) і разначыннай інтэлігенцыяй, ставілі сваёй мэтай утварэнне незалежнай ад Расіі і Польшчы Беларускай Рэспублікі. "Белыя", прадстаўленыя "вялікімі беларускімі панамі" (У. ігнатоўскі), стаялі за ўтварэнне вялікай Польшчы з захаваннем старога ладу на Беларусі. Сяляне, прыслухоўваючыся да поклічу "чырвоных", прымаюць дзейсны ўдзел у паўстанні і вядуць барацьбу на два франты: супраць 200-тысячнага войска генерала-вешальніка Мураўёва, прысланага на Беларусь для падаўлення паўстання, і супраць "белых" здраднікаў. Такая барацьба непасільная для іх, і паўстанне паступова пачынае заціхаць. Уначы 10 лютага 1864 г. пад імем ігната Вітажэнца быў арыштаваны К. Каліноўскі. Ваенна-палявым судом ён быў асуджаны і публічна павешаны на гандлёвай плошчы Дукішкі ў Вільні. Царскі ўрад жорстка расправіўся і з удзельнікамі паўстання, баявымі сябрамі К. Каліноўскага: 128 чалавек асуджана на смяротную кару, больш за дзве з паловай тысячы паўстанцаў сасланы на катаргу, паселены ў аддаленыя месцы Сібіры, каля 9 тысяч аддадзены пад суд. Перад смерцю К. Каліноўскі здолеў пераслаць з-за турэмных кратаў "Пісьмо з-пад шыбешцы" — сваё развітальнае слова народу, свой хвалюючы запавет. Пройдзе час. Запавет К. Каліноўскага беларускаму народу — ваяваць за сваё чалавечае права — ажыве ў творчасці іншых слаўных сыноў Беларусі. Яго жыццё і рэвалюцыйная дзейнасць стане тэмай многіх твораў пісьменнікаў, кампазітараў і мастакоў.
Дыскусіі
2 года 38 недель назад
3 года 31 неделя назад
3 года 37 недель назад
3 года 37 недель назад
3 года 48 недель назад
4 года 38 недель назад
4 года 39 недель назад
4 года 39 недель назад
5 лет 27 недель назад
5 лет 30 недель назад