Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Казімір Камейша. “Дарыць людзям душу”. Прадмова да кнігі Ірыны Хадарэнка “Чорная ружа”

Янв/11

22

Сярэдняя: 2 (2 галасоў)

На паэтычным небасхіле час ад часу загараюцца новыя зоркі. І гэта радуе. Бо дадаецца больш святла ў свеце, таго святла, якое зыходзіць ад самой душы. Вялікі Гарсія Лорка зазначыў: “Місія ў паэта адна – адушаўляць у літаральным сэнсе, дарыць людзям душу”. Місія, што і казаць, не простая. Думаеш заўсёды з трывогай пра гэта, калі шукаеш у халодна-ледзяных, рацыяналістычна скроеных вышуках тую ж душу і не знаходзіш яе. І па-добраму радуешся, калі контуры душы яскрава праглядаюцца ўжо ў першых спробах аўтара.
Некалі ў рэдакцыю часопіса “Маладосць” нясмела зайшла сарамлівая дзяўчына, нерашуча паклала на стол рэдактара паэзіі лісты з акуратным вучнёўскім почыркам. Вершы. Незнаёмае прозвішча – Ірына Хадарэнка, вучаніца гімназіі № 1 ім. Францішка Скарыны. І знайшлося ў радках тое, што кранула:

Я стану тою зоркаю,
Што ўспыхвае раптоўна
І фальш атрутай горкаю
Знішчае паслядоўна.

А далей было пра тую ж душу:

Я маю здольнасць гэткую:
Змяняць сваё аблічча.
Адкрытая й таемная
душа кагосьці кліча.

І на самай справе, хоць і нясмела, але зорка загарэлася. І яна гарыць, не згасла.
І вось сёння Ірына Хадарэнка выходзіць да чытача са сваім першым паэтычным зборнікам “Чорная ружа”. Да сваіх паэтычных вобразаў маладая паэтка крочыць, “блукаючы завулкамі ілюзій”, часам пакідаючы “сонечны востраў” дзявоцкай летуценнасці, каб адчайна прайсці праз цёмныя і змрочныя калідоры рэальнасці, адчуць разам з дабрынёй і жорсткасць гэтага свету. Можа, таму і “чорная ружа” ў яе творы зусім не страшная і самотная, бо з душы на яе пялёсткі выпраменьваецца чалавечае святло.
У юнацтве заўсёды здаецца, што ты здольны ахапіць неахопнае, абняць неабдымнае. Гэтае наіўнае і ілюзорнае часта шкодзіць і Ірыне Хадарэнка. У аўтаркі з’яўляецца жаданне ўславіць і прыроду сонечнага Крыма, і працу акцёра на сцэне, і адначасова зазірнуць у майстэрню мастака, а потым падзівіцца музыцы суседа-гітарыста “з верхняга паверха”, і прысвяціць верш “творчым людзям усіх часоў і народаў”, і паслухаць, як “восень грае рытм-энд-блюз на саксафоне”. І, вядома ж, часта ўсё гэта застаецца на ўзроўні жадання.
Страху, як кажуць, тут вялікага няма. Гэта – выдаткі росту. А падкупляе ў росшуках паэткі яе сталая разважлівасць, смелы подступ да тэмы, добрае імкненне да філасофскага асэнсавання жыцця. Як, скажам, вось у гэтых радках:

Не спяшайся скакаць праз масток,
Што схаваўся за тым небакраем.
Пі працяжна апошні глыток…
Ну, а Вечнасць? Яна пачакае.

Такіх радкоў нямала ў кнізе. Стала, на добрым узроўні напісаны і вянок санетаў “Лабірынты душы”.
Не трэба палохацца ў вершах Ірыны Хадарэнка змрочных фарбаў. Душа, і асабліва душа паэта, мусіць рэагаваць як на светлае, так і на змрочнае.
Хочацца вітаць прыход у айчынную паэзію новага імя. Ірына Хадарэнка прыйшла ў яе сваім шляхам і са сваім голасам.

Казімір Камейша, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў