Водгук на раман Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім". Праблематыка, ідэйны пафас
Раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» так і застаўся няскончаным. Мы не бачым у ім паўстання Каліноўскага, а толькі яго падрыхтоўку. Шырокай плынню не льецца чалавечая кроў, не шалее Мураўёў-вешальнік. Але першыя сполахі народнага паўстання заліваюць ціхамірны край... Ідзе ў божы храм у вёсцы Гарапяцічы былы селянін, закатаваны Кроерам і царскімі салдатамі Корчак. Спыняе кровапраліцце князь Алесь Загорскі — паплечнік і аднадумец Кастуся Каліноўскага. Не выпадкова другая частка дылогіі называецца «Сякера пры дрэве». Сякера пры дрэве ляжыць пакуль што, але знаходзяцця тыя, што яе падхопяць і ўзнімуць на сваіх крыўдзіцеляў.
Калі раман быў бы закончаны, мы мелі б яшчэ адну частку — «Брань», пра само паўстанне 1863 года, і яшчэ трэцюю, што планавалася назваць кідка і ярка — «Вараннё» (яшчэ адзін варыянт загалоўка — «Галгофа»). У цэлым атрымалася б шырокае мастацкае палатно пра поспехі народнага змагання і яго паражэнне, пра немінучасць Галгофы для тых, хто асмеліўся ўзняцца на барацьбу з самадзяржаўем. Не даведзеная да канца эпапея і так атрымалася цэласным творам пра жыццё нашай краіны ў пераломны, драматычны час, пра імкненне людзей да свабоды, пра тое, што яны — не проста каласы пад жорсткім сярпом гісторыі, але і змагары за свой шчаслівы лёс.
Асноўная ідэя рамана, як мне думаецца, зводзіцца да сцвярджэння ідэалаў гуманізму. Такая ж, як і ў помніках старажытнай сусветнай літаратуры — «Іліядзе», «Адысеі», «Калевале», «Слове аб паходзе Ігаравым». Жыццё, па Караткевічу, па аўтарах «Новай зямлі» Якубу Коласу, «Палескай хронікі» Івану Мележу, — гармонія. і гэтай гармоніі жыцця пясняр прысвячае многія старонкі дылогіі. Ён пры любой магчымасці паэтызуе і жыццё прыроды, і жыццё чалавека, узвышае звычайнае да ўзроўню паэтычнай, мастацкай вартасці і значнасці. Так, у самым пачатку рамана мы захапляемся паводзінамі купкі дзяцей — дзеці селяніна Когута, яго прыёмны сын князь Алесь Загорскі, які праходзіць дзядзькаванне, выхоўваецца ў простай сям'і. Тым, як яны весяляцца каля рэчкі, купаюцца, дзеляцца сваімі думкамі, а затым — збіраюцца ў хаце на полуднік. Радасць і святло выпраменьваюць у рамане птушкі і дрэвы, кожная сцяблінка на полі, кожная зорка ў небе. 3 непрыхаваным замілаваннем паказвае аўтар і жыццё сялян, іх няхітрае застолле («Алесь таксама смяяўся, але сядзець вось так апошні раз за іхняй вячэрай было цяжка. (...) — Мацуйцеся, — сказала Марыля, ставячы яму і Паўлюку міску кулагі. — Сёння на начлег паедзеце»). Не менш яркімі, амаль святочнымі паўстаюць сцэны жыцця беларускага дваранства, якое шануе традыцыі продкаў, захоўвае гуманнае стаўленне да сваіх сялян, не шыкуе і не гваГлтуе народныя звычаі, сам народ. Вось як, напрыклад, пісьменнік паказвае побытавую сцэнку з жыцця Загорскіх. Бацька-князь прыходзіць у святочны дзень да сына, у яго пакой. і не проста прыходзіць, а ўрываецца разам з святлом, гукамі гарматы: «Дзверы расчыніліся рэзка, як быццам таксама ад удару гарматы. На парозе стаяу пан Юры, белазубы, загарэлы. Махровы персідскі халат расхінуўся на грудзях. Ад усёй постаці, ад хвалістых густых вусоў, ад сініх смяшлівых вачэй так і веяла здароўем». А якая светлая і чыстая прырода ў рамане! Зімовая, летняя, веснавая і восеньская. Яна падобная на добрых і шчырых людзей, спрыяе іх чынным дзеянням. Прырода надзвычай дынамічная, зменлівая, жывая, не стаіць на месцы, а як бы рухаецца следам за часам, за героямі. Мне запомнілася яе апісанне са сцэны, калі разам са сваімі сябрамі вандруе па наваколлі Алесь Загорскі. Так, пісьменнік піша, што над зямлёй усё вышэй і вышэй узнімаўся «ярасны, калматы шар» сонца, расказвае, як над лясным стаўком вады стракозы ганяліся за сваім ценем, а вадамеркі прагіналі люстраную паверхню сваімі лапкамі і пакідалі на ёй па «шэсць маленькіх плямак ценю з арэолам вакол кожнай плямкі». Якая назіральнасць! Якая дакладная перадача падрабязнасцей, даступных і бачных далёка не кожнаму!
Частачка да частачкі складваецца мастацкі свет рамана Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Гарманічны, радасны, шчаслівы. і разам з тым гэты гарманічны свет спрабуюць расхістаць, разбурыць чорныя сілы. Іх становіцца больш і больш. Як цень крумкачовага крыла, навісаюць яны над людзьмі, прыродай. Не даюць спакою сейбітам і аратым, сумленным гаспадарам зямлі беларускай. Там Кроер учыняе здзек над сялянамі ў Півошчах, прымушае працаваць на яго дзень пры дні, збірае дадатковую даніну, п'янствуе і, як нейкі блазан, запрашае да сябе, жывога, родзічаў і блізкіх на пахаванне. Менавіта Кроер давёў сваімі паборамі да паўстання сялян, абрабаваных, абабраных, як ліпка. Гэта з яго ласкі стаў непамерна жорсткім і помслівым селянін, бацька дваіх дзяцей Корчак і пайшоў у лес з такімі ж, як і ён, пакрыўджанымі людзьмі. У фінале рамана, другой яго частцы, Алесь Загорскі назаве нянавісць Корчака да крыўдзіцеляўпрыгнятальнікаў святой і адначасова пастараецца пераканаць яе носьбіта, што не адной нянавісцю, не адной прагай крыві і помсты жыве чалавек, што многія пытанні трэба вырашаць мірным шляхам, паводле згоды.
Чорнымі сіламі ў рамане з'яўляюцца крумкачы цар, Валуеў — чыноўнік высокага рангу, выхадзец з Беларусі, былы сябра дзекабрыстаў, Пушкіна, Лермантава, а пасля паражэння сяброў — царскі сатрап, жандар Мусатаў, які ганяецца за былымі інсургентамі па бяскрайных прасторах нашай Радзімы. Не даюць спакойна вучыцца Алесю Загорскаму і яго аднадумцам — беларусам, палякам, украінцам у Пецярбургскім універсітэце вялікадзяржаўнікі, праціўнікі самавызначэння нацый і народнасцей вялікай імперыі. Ды цень крумкача адступае на задні план пад напорам жыццядайных прыродных і чалавечых сіл.
Яшчэ адна важная ідэя рамана Караткевіча вынікае з адзначанай намі ідэі паказу жыцця-гармоніі — гэта ідэя ўдасканалення рэчаіснасці, яе пастаяннага абнаўлення. Пісьменнік выступае супроць застойнасці, кансерватызму. Ухваляе вечны рух наперад — і прыроды, і чалавечай гісторыі, і думак, і мараў. Усё ў творы пісьменніка знаходзіцца ўпаходзе: Дняпро, што, як жывая істота, набягае на бераг і ў паўнаводдзе злізвае, цягне на дно і нясе ў акіян набыткі чалавечае працы, інсургент 1830 года Чорны Война — зубр-адзінец у змаганні за Беларусь. Скача паляванне на ваўкоў, ляціць на сваіх крыўдзіцеляў са стрэльбамі выпараны з логава мядзведзь-шатун, гінуць князь Юры і княжна Антаніда і працягвае іх справы малады Алесь Загорскі, знікае белы-белы дзед Даніла Когут, але паспявае перад гэтым расказаць сваім унукам і Алесю легенду пра белага конніка — вызваліцеля сялянства ад бяды і крыўды. Усё імкнецца наперад. «Нішто не мае хады назад» — так трапна выказаўся некалі Пятрусь Броўка. Караткевіч сцвярджае неабходнасць натуральнага, эвалюцыйнага абнаўлення жыцця, не адкідаючы разам з тым магчымасць і вымушаных рэвалюцыйных зменаў. Таму так настойліва і мэтанакіравана і хацеў ён паказаць паўстанне Кастуся Каліноўскага, удзел у ім розных колаў насельніцтва. Але ў любым паўстанні, падобна Пушкіну («Капітанская дачка»), мастак слова асуджаў «бессэнсоўнасць і бязлітаснасць».
Думаецца, што пісьменнік стварыў увогуле жыццесцвярджальны ў цэлым твор. Пра гэта сведчаць многія факты, падзеі, сюжэт рамана. Так, у яго фінале арыштаваны і адпраўлены ў родны маёнтак у высылку князь Алесь Загорскі марыць-мроіць пра вечнасць жыцця, вечнасць зораў на небе, перамогу сіл дабра над сіламі зла, нягледзячы на магчымыя часовыя перамогі апошніх. Зорка-Палын няздольная замуціць крыніцаў народнага жыцця, спыніць рух наперад, да ачышчэння. Акрамя гэтага, і фінал «Каласоў», і самі загалоўкі твора і яго дзвюх частак сведчаць пра прыняцце мастаком рэвалюцыйнага шляху барацьбы за свабоду. Ды гэта ўжо тэма асобнай размовы.
Дыскусіі
2 года 38 недель назад
3 года 31 неделя назад
3 года 37 недель назад
3 года 37 недель назад
3 года 48 недель назад
4 года 38 недель назад
4 года 39 недель назад
4 года 39 недель назад
5 лет 27 недель назад
5 лет 30 недель назад