Хлеб (водгук на ўрывак з паэмы Нiл Гілевіча "Родныя дзеці")
Урывак з паэмы Н. Гілевіча «Родныя дзеці», аб якім зараз пойдзе размова, паэт назваў «Адступленне шостае — педагагічнае». Педагогіка — навука аб выхаванні, а выхаванне — гэта, найчасцей, дзеясловы загаднага ладу, натацыі, парады, загады, заклікі і г. д. Але давайце паглядзім, ці мае ўсё гэта месца ў творы Н. Гілевіча. Ніводнага разу не сустракаюцца утэксце дзеясловы, характэрныя творам пра хлеб: шануйце, паважайце, не кідайце і г. д. Якім жа чынам уздзейнічае паэт на чытачоў, як ён іх выхоўвае? А выхаванне павінна быць, бо адступленне ж названа педагагічным.
Спачатку Н. Гілевіч проста апісвае гэты самы звычайны, усім добра вядомы хлеб. Але як апісвае! Ці не пачынаюць усплываць, змяняючы адзін аднаго, у вашым уяўленні вобразы гэтага самага хлеба? Ці не бачыце яго: «чорны, белы, шэры», «аржаны, аўсяны, ячны»? Не ведаю, як вы, а я, здаецца, нават пах яго адчуваю: цёплы, утульны. Так, і не трэба здзіўляцца, менавіта ўтульны пах, які адразу ж выклікае адчуванне хатняй цеплыні і бяспекі. «П'яніць ягоны водар-пах», — кажа Н. Гілевіч, і з ім цяжка не пагадзіцца.
Але хлеб паэта — гэта не толькі найсмачнейшая страва, гэта жывая істота. Гляньце: «За Перамогу ваявала і тая скібка...» Хлеб змагаўся за Радзіму, за Бацькаўшчыну поплеч з людзьмі. I потым, далей, хлеб у Н. Гілевіча «скардзіцца», быццам сапраўды пакутуе ад недахопу ўвагі і ласкі.
Але паэт робіць хлеб не проста жывой істотай — аўтар малюе хлеб СВЯТЫМ:
У песнях з сонцам ён зраўняны,
Як цар зямлі — з царом нябёс.
Якое незвычайнае параўнанне! Але пойдзем далей. Што мы бачым: хлеб нават не святы — ён яшчэ вышэй:
I пры размове нават з богам
Так не свяціўся працаўнік!
Ніхто яшчэ не ўзносіў хлеб так высока, як гэта зрабіў Н. Гілевіч. Таму зразумелы невыносны боль паэта ад
Таго, што ўжо і на абрусе
Пакрасаваўся, а цяпер —
Ляжыць на сметніку, у брудзе,
I мохам-плесняю цвіце...
Хлеб у брудзе — жудасная антытэза! А ў канцы сказа — шматкроп'е. Быццам паэт не закончыў думкі: абарвалася яна ад стогну ці ад крыку адчаю.
Паэту невыносна бачыць гэту карціну, яму здаецца неверагоднай такая з'ява. Давайце паглядзім наступны сказ:
Было — такое — на планеце!
Цікавая ўстаўная канструкцыя, вы са мною згодны? Паэт не можа ўсвядоміць, што на планеце на самай справе было ТАКОЕ: знежавалі хлеб! Аўтар мог бы выкарыстаць анафару і тым самым падкрэсліць слова «такое». Але ж Н. Гілевіч аддае перавагу ўстаўной канструкцыі, каб яшчэ больш узмацніць, завастрыць увагу на гэтым зусім просценькім слове, якое мае такое вялікае значэнне.
Паэту сапраўды цяжка ўявіць сабе чалавека, які здольны на такія адносіны да хлеба, хлеба, які «вечна смачны», нават калі ён зроблены «з гнілое бульбы перамерзлай і травяной трухі-мукі». Чалавека, здольнага пакрыўдзіць хлеб, Н. Гілевіч называв «гібла-раўнадушным». Які трапны эпітэт! У гэтым і ёсць сіла паэзіі — камбінуючы звычайныя словы, дасягаць іх наймацнейшага гучання. А вось яшчэ адзін чароўны радок: «Хто зерня з роду не ласкаў». У гэтым выпадку дзеяслоў «ласкаць»— гэта ж сінонім дзеяслова «трымаць». Але ці можна ўжыць гэты сухі дзеяслоў «трымаць» побач са словам «хлеб»? Для Н. Гілевіча такое немагчыма. Толькі пяшчотнае «ласкаць» вартае быць ужытым з гэтым святым для паэта паняццем. Застаецца толькі дзівіцца, колькі пяшчоты і павагі ў паэта да хлеба, што мы кожны дзень бачым на стале.
Н. Гілевіч сцвярджае, што Хлеб, Радзіма і Маці — гэта тры святыні, тры непарушныя ісціны. Паглядзіце, паэт малюе хлеб «на далонях шчаснай маці», і хлеб на фронце, побач з байцамі: «I з ім мы выстаялі ўсё-ткі — каб нашай волі сцяг не згас!» Маці і Радзіма — гэта вечныя каштоўнасці. Паставіўшы з імі ў адзін шэраг хлеб, паэт падкрэслівае, што і хлеб вечны, вечны, як Зямля. Таму паэт мае падставу сцвярджаць:
О, хлеб наш, хлеб! Хоць іняўдзячны,
Нярупны множыцца ядок —
Заўжды жаданы, вечна смачны
На свеце будзе твой кусок.
Хлеб — гэта, можна сказаць, фальклорны вобраз, без яго не абыходзіцца амаль ніводная беларуская казна, песня. Таму, апісваючы хлеб, паэт карыстаецца ўстойлівымі фальклорнымі спалучэннямі: «мохам-плесняю», «горкіяскаргі», «чорны, як зямля», «водар-пах». Гэтым самым паэт падкрэслівае думку, што хлеб — гэта непіта народнае, роднае, жывое. Глядзіце, ці не нагадвае вам выраз «бел абрус», які неаднойчы сустракаецца ў вершы, слова «беларус»? А свежы, пахучы бохан на «бел абрусе» — ці не сімвалізуе бязмежныя родныя палеткі, іржышча, васількі? Блакітнае роднае неба, празрыстае, насычанае водарам лясоў і азёраў паветра?
... Вось вам і выхаванне без загадаў, без вокрыкаў, без заклікаў...
Дыскусіі
2 года 39 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 37 недель назад
3 года 38 недель назад
3 года 48 недель назад
4 года 38 недель назад
4 года 39 недель назад
4 года 40 недель назад
5 лет 28 недель назад
5 лет 30 недель назад