Станаўленне беларускай драматургіі
У другой палове XVII ст. узніклі першыя творы беларускай драматургіі, яшчэ цесна звязаны з народнымі рытуаламі, каляндарнымі і сямейна-бытавымі абрадамі, карагодамі. Шырокае распаўсюджанне ў той час атрымалі школьная драма і батлейка.
Сваім узнікненнем школьная драма абавязана статуту духоўных і свецкіх навучальных устаноў, па якім ад навучэнцаў патрабаваўся паказ сцэнічнага майстэрства, што, безумоўна, -спрыяла лепшаму авалоданню імі правіламі паэтыкі, рыторыкі, лацінскай мовы. На Беларусі ў тыя часы школьныя тэатры дзейнічалі ў 14 гарадах, і на іх сцэнах было пастаўлена каля 100 школьных драм.
Спектаклі ўяўлялі сабой пышнае відовішча з музыкай, песнямі, танцамі. У творах, што складалі рэпертуар школьных тэатраў (трагедыях, камедыях, літургічных драмах, інсцэніроўках, дыспутах, судовых пасяджэннях), праслаўлялася вечнае быццё, апавядалася пра пакуты Хрыста і яго паслядоўнікаў, асуджалася грэшнае жыццё, расказвалася пра высакароднасць мясцовых мецэнатаў-магнатаў і інш. Для школьнага тэатра пісалі свае творы вядомыя дзеячы другой паловы XVIII ст. Каятан Марашэўскі і Міхал Цяцерскі. Іх творы ставіліся на сцэне Забельскага тэатра (вёска Валынцы Верхнядзвінскага раёна) пры дамініканскім манастыры, дзе абодва драматургі працавалі выкладчыкамі паэтыкі і рыторыкі.
* * *
У 1787 г. К. Марашэўскім была напісана першая беларуская «Камедыя». Галоўнымі дзеючымі асобамі ў ёй з'яўляюцца селянін Дзёмка і Чорт. Селянін наракае на сваю долю: ён павінен цяжка працаваць, але жыццё ад гэтага не паляпшаецца (няма грошай нават на сярмягу). Ва ўсім гэтым Дзёмка вінаваціць пана, карчмара і нават чорта. З'яўляецца Чорт і прапануе палепшыць жыццё селяніна, калі той зможа маўчаць на працягу адной гадзіны. Дзёмка прымае прапанову, але, на жаль, сваё слова не стрымлівае. Ён тройчы прайграе заклад, за што Чорт цягне яго ў пекла і забірае душу. Аўтар камедыі выказвае думку, што фармальная перамога яшчэ не з'яўляецца перамогай маральнай, што шчасце залежыць не ад боскага прызначэння, а ад чалавечых учынкаў, дзеянняў.
Большасць школьных драм суправаджалася інтэрмедыямі — кароткімі п'есамі ці сцэнамі сацыяльна-бытавога зместу, якія выконваліся паміж актамі драматычнага або опернага твора. Часцей за ўсё інтэрмедыі ставіліся на беларускай мове. Па змесце яны нагадвалі забаўныя анекдоты, гісторыі, апавяданні, дзеючымі асобамі якіх з'яўляліся сяляне, карчмары, паны. Цёмныя і абмежаваныя сяляне, з якіх заўсёды насміхаліся, якіх цураліся паны, у інтэрмедыях пераўтвараюцца ў дасціпных, разважлівых, вострых на язык людзей. 3 часоў барока збераглося прыкладна 20 інтэрмедый, найбольш завершанымі з якіх з'яўляюцца «Селянін і вучань», «Селянін на споведзі», «Літаратар, селянін Самахвальскі». Асобныя эпізоды з інтэрмедый былі выкарыстаны ў п'есах «Машэка» Б. Міровіча, «Несцерка» В. Вольскага.
Значную ролю ў фарміраванні нацыянальных тэатральных традыцый адыграў народны лялечны тэатр батлейка (ад Веііеет — назва горада Віфлеема, у якім, па біблейскай легендзе, нарадзіўся Хрыстос). У розных рэгіёнах Беларусі ён меў назвы яселка, шопка, ягорый, батляемка, жлоб, остлейка, віфлеем, вяртэп. Тэатр батлейкавага тыпу вядомы на Беларусі з XVI ст. Для паказу батлеечных спектакляў выкарыстоўвалася невялікая скрынка ў выглядзе хаткі ці царквы, падзеленая на ярусы. Сцэна ўпрыгожвалася рознымі фігурамі, тканінай, каляровай паперай і нагадвала балкон. П'еса разыгрывалася пры дапамозе статычных лялек-персанажаў і рухомых лялек-марыянетак, суправаджалася песнямі, танцамі, дыялогамі і маналогамі. Батлеечнікі (як правіла, імі былі таленавітыя акцёры-самародкі) знаходзіліся за сцэнай, адкуль кіравалі рухамі лялек, падрабляючы пэўныя галасы.
Прадстаўленне батлеек, як правіла, складалася з дзвюх частак: рэлігійнай і народна-бытавой. Станоўчым героем народна-бытавых спектакляў быў селянін, які дзякуючы сваёй кемлівасці і прыроднаму розуму выходзіў пераможцам з розных жыццёвых сітуацый. 3 батлеечных п'ес найбольш папулярнымі былі «Мацей і доктар», «Цыган і цыганка», «Яўрэй і казак», «Баба-варажбітка», «Антон з касой і Антоніха», якія выконваліся асобна ці ўстаўляліся ў п'есы «Цар Ірад», «Цар Максіміліян». Перад вачамі гледачоў тут праходзілі цары і царыцы ў каронах і пышных вопратках, рыцары, казакі, сяляне, дактары, валы, аслы, анёлы, чэрці, ігралі жалейкі, гучалі царкоўныя і народныя песні, чуліся жарты і смех. Многія батлеечныя п'есы насілі павучальны характар. Так, у сцэнцы «Мацей і доктар» не столькі апісваецца калядная куцця, як высмейваецца сквапнасць і абжорства. Сцэнка «Баба-варажбітка», узнаўляючы калядны звычай хадзіць з казою, высмейвае замовы. У другой палове XIX ст. развіццё батлейкі паступова затухае.
Дыскусіі
2 года 33 недели назад
3 года 26 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 32 недели назад
3 года 42 недели назад
4 года 32 недели назад
4 года 33 недели назад
4 года 34 недели назад
5 лет 22 недели назад
5 лет 25 недель назад