Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Водгук на раман Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім". Мінулае і гісторыя

Ноя/10

04

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Гістарычнае мінулае ў рамане паўстае ў жывых вобразах, сцэнах, эпізодах. Падобнай манерай пісьма валодаў і рускі пісьменнік, аўтар рамана « Пётр і» Аляксей Талстой. Недзе прачытала, што пісаў ён так: стаўляў рыштаванні, узводзіў будынак-твор, а затым усе рыштаванні старанна прыбіраў так, што чытач абсалютна іх не заўважаў. Тое самае назіраем і ў Караткевіча. Перш чым напісаць і «Каласы», і іншыя свае творы, ён, вядома, акуратна і доўга вывучаў фактычны матэрыял, працаваў у навуковых бібліятэках, але пасля гэтай падрыхтоўчай працы як бы знішчаў ранейшыя сляды, ператвараў дакументы ў мастацкія вобразы. На падобным вывучэнні грунтуецца паказ ім жыцця беларускага сялянства і дваранства, апісанне калядаў, масленіцы, навагодняга свята, выезду на паляванне на ваўкоў і мядзведзя, прыёму ў дваранскую зборню. Асабліва ж запамінаецца мне сцэна дзядзькавання, паказаная ў рамане каларытна, маляўніча. Дзядзькаванне — старажытны звычай, калі беларускія магнаты аддавалі дзяцей сваіх на выхаванне на некалькі гадоў у сялянскія сем'і. Тыя вучыліся там пераадольваць цяжкасці, працалюбству, уменню здабываць хлеб надзённы і шанаваць яго на стале. У сялянскіх сем'ях панічы развучваліся глядзець на свет вачыма абраных, прадстаўнікоў белай косці. Князь Алесь Загорскі прайшоў такую школу. Многаму навучыўся. Асабліва — павазе да старэйшых і да сяброў, да хлеба, да маці і бацькі. Ён уважліва слухаецца Кагутоў. 3 болем на вачах развітваецца з сваімі другімі бацькам і маці, братамі Андрэем, Кандратам, Паўлюком і сястрычкай Янькай. Многае вынес ён з легенды, расказанай старым, апранутым у белую вопратку, Данілам пра белага конніка — заступніка сялянаў. Сам сябе ён называе і князем, і мужыком, калі ўжо будзе прыняты ў дваранскую зборню. і ганарыцца гэтым. Мне запомнілася, як малады князь, прывезены з вёскі ў бацькаў палац, стараецца за снеданнем не раскідацца хлебам, нечакана спаўзае са свайго крэсла пад стол, падымае з падлогі выпадкова скінутую скарынку і прамаўляе важна, па-даросламу: «Даруй, божухна», «Пакладзіце гэта, калі ласачка, каню». Я запомніла, як выразна, натуральна, праўдзіва і высокаэмацыянальна, спачувальна да свайго героя, адвучанага ў сялянскай хаце ад ангельскіх манераў паводзінаў, паказвае Караткевіч застолле. Колькі цеплыні і зачараванасці тым, што робіць маленькае медзведзяня, бачым і адчуваем мы ў апісанні, у прамоўленых дзіцем словах. Хлопец саромеецца незвычайнай, нябачанай шыкоўнасці, але смела бярэ самы большы кавалак «падрапанай лапай», «павольна спаўзае з крэсла пад стол », каб падняць скарынку, апіраецца «далонькай» на край стала. Як стала гучаць яго словы-адказ на запытанне маці Антаніды, што еў ён на сняданне ў Кагутоў: «Крышаныя буракі, — басам адказала медзведзяня. — і курыцу елі... Зарэзалі з такой прычыны старога пеўня...». Пасля выхаду ў свет рамана Караткевіча пачнуць абвінавачваць крытыкі, што ён слаба вывучыў абрад дзядзькавання, не ў адпаведнасці з фактамі перанёс яго з ранейшых стагоддзяў у 19, калі яно перастала існаваць. Ды справа не ў тым, было ці не было дзядзькаванне ў 19 стагоддзі. Яго магло і не быць. Аднак на ідэю твора, дэмакратычную, гуманістычную, якой сцвярджаецца неабходнасць найцяснейшага згуртавання людзей перад небяспекай страты духоўнай і нацыянальнай годнасці, гэтая сцэна працуе выдатна. Калі б яе не было ў рамане «Каласы пад сярпом тваім», ён не ўспрымаўся б намі як цэласнае мастацкае палатно пра сувязь часоў, іх непарушнасць, пра нашу елаўную гісторыю, поўную глыбокага сэнсу.

Блізкія да адзначанай у творы і сцэны пострыгу і прыёму ў дваранства. Яны таксама даюць уяўленне чытачу пра даўнейшы час, калі прыдняпроўскія землі Беларусі былі адносна свабодныя ад польскай, а затым царскай улады. Менавіта ў 18 і першай палове 19 стагоддзя беларускае дваранства калектыўна вырашала складаныя грамадскія праблемы. Саноўныя, паважаныя князі і дваране часам мелі сваё войска, бараніліся ім ад чужакоў. Яны збіраліся на свае сходы, каб вырашыць складаныя пытанні. На агульных сходах (зборнях) дваране прымалі ў свае рады новых членаў. Былі сярод іх розныя людзі. Прагрэсіўныя па поглядах на жыццё, прыхільнікі свабоды сялянства Даніла Вежа-Загорскі і яго сын Юры, дваранка Клейна, якая не пасаромелася і не пабаялася ўзяць за сына чорнага негрыцёнка, асуджае ваяўнічых рабаўнікоў народа. Запамінаецца таксама пан Раўбіч — суровы, мужны, лідэр паўстання супроць цара, якое рыхтуецца на Магілёўшчыне. Менавіта ў яго дачку Майку закахаўся Алесь Загорскі і перажыў не адну мінуту радасці, расчаравання, горычы. Аднак сярод падобных людзей жыве і здзекуецца з прыгонных у Швошчах Кроер. Пільнуе царскія правы на Беларусі, высочвае Чорнага Войну і яго аднадумцаў жандар Мусатаў. Крок за крокам аднаўляе пісьменнік старонкі мінулага. Яны паўстаюць нават і ў паказе архітэктурных панскіх палацаў, сямейных бібліятэк, тэатраў, звычаяў. 3 гэтымі звычаямі даводзіцца знаёміцца маладому Загорскаму пасля некалькіх гадоў дзядзькавання. Вачамі дзіцяці паказаныя, яны паўстаюць каларытна, з вострымі лініямі. Можна спаслацца на многія сцэны, у якіх ажыўляецца мінулае. Адна з іх — калядаванне. і зараз калядаванне — адзін з улюбёных народных абрадаў. Ды паказаць яго ва ўсёй прыгажосці, у пераліве колераў і гукаў змог, як ніхто іншы, Караткевіч. Гэтым абрадам адкрываецца другая частка «Каласоў». Адкрываецца на фоне апісання зімовай прыроды: «глыбокі, пульхны і сухі» снег, засыпаныя «мяккім белым снегам яліны», якія (запомнілася!) «нагадвалі начных вартаўнікоў», вылеплены пад вокнамі дома Мсціславам снежны балван. Такое не прыдумаеш. Гэта трэба бачыць і ўмець перадаць словамі. Вось на такім фоне зімы, беласнежнай і светлай, адбываецца ў Караткевіча народнае гулянне. Помню, што ўсё адбываецца каля вялізнага полымя, у які падкідаюць новыя і новыя карчы, сухія галіны. Каля яго — кола людзей, пераважна маладых. Віск, крык, жарты. Басаногі, з голай грудзінай і ў доўгім белым кажуху бог холаду Зюзя, які, каб не змерзнуць, ладна хапіў гарэлкі. На свяце прысутнічае і саламянае чучала Каляды з плоскімі намаляванымі вачыма. Не магу многа цытаваць па памяці. Помню, што была на свяце і музыка. Што «гулі дзве скрыпкі», «пявуча вохкаў бас», «мядзведзем раўла дуда», «пяшчотна сапла жалейка», «звонка ўдаралі цымбалы», а над усімі гукамі «ўзлятаў, заліваўся і ўздыхаў бубен». Трэба было не толькі бачыць, а і чуць усе названыя музычныя інструменты, чуць кожны паасобку. Без выдатнага слыху і зроку такія карціны не створыш, так мінулае не адновіш.

Падобна класіку рускай літаратуры Л.Талстому, Уладзімір Караткевіч ужо ў 20 стагоддзі паэтызуе мінулае, незалежна ад класавых крытэрыяў, аднолькава ўважліва адносіцца да паказу дваранскіх і сялянскіх звычаяў. Падобная пазіцыя сведчыць, што для яго важней за ўсё гуманістычны змест звычайнага чалавечага жыцця, гармонія чалавечых узаемаадносінаў. Калі гэтая гармонія парушаецца, адбываецца выбух, якім і сталася паўстанне 1863 года.

Я не выпадкова назвала Л.Талстога, Платон Каратаеў якога стаіць, як і аўтар «Каласоў», і бацька і сыны Кагуты, ды і многія сяляне з вёсак князёў Загорскіх, на пазіцыях узаемнай павагі паміж людзьмі, веры ў чалавечнасць, гуманізм, справядлівасць. Супадзенне паміж двума мастакамі адчувальнае і ў апісанні канкрэтных фактаў, эпізодаў, традыцый жыцця дваран. Мяне здзівіла апісанне палявання на ваўкоў у нашага беларускага пісьменніка, такое блізкае да апісання такой сама сцэны-звычаю ў рускага пісьменніка. Сама падрыхтоўка да палявання, прасякнутая строгасцю, адчуваннем важнасці справы, клопатнасцю. Прырода, наскрозь прасвечаная промнямі сонца, афарбаваная пераважна ў жоўты колер (на дварэ восень) — «свет ляжаў цалкам блакітны і празрысты», «мяккія ўзгоркі», «чырвоныя і залатыя дрэвы», «бадзёры, свежы халадок». Адпаведны ўрачыстаму моманту стан людскіх душ... Пры першай няўдачы Алесь «траха не рваў на сабе валасы». Боль, што адбываецца забойства жывой істоты («вочы яго цьмяна адбівалі неба»). Радасць перамогі — «Бацька зноў прыклаў рог да вуснаў, і гукі, срэбныя і тонкія, паліліся ў халодным паветры». Радасць перамогі над ім, такім мужным і смелым, нібы перажывае мёртвы воўк. А яшчэ перажывае, што не збярог «іржышча, неба і срэбную пражу маці божай — усё тое, што ён сёння не збярог».

Хачу адзначыць, што Караткевіч вельмі любіць і шануе гісторыю. Ён нібы абагаўляе кожную драбніцу, кожную маленькую часцінку чалавечага і прыроднага жыцця ў мінулым. У сцэне, на якой я спынілася вышэй, здзіўляе не толькі каларытнасць яе агульнага малюнка, але і гуманістычны пафас. Другі мастак амаль не звярнуў бы ўвагі на ваўка — здабычу ўзброенага чалавека, паляўнічага. А наш пісьменнік не пакідае яго, нерухомага, пераможанага, пасля смерці, надзяляе яго філасофскімі, уласцівымі толькі чалавеку, думкамі пра несправядлівасць жыцця, спалучэнне ў ім святла і цемры.

Кожны мастак мае права на самавыяўленне ў творчасці, але не кожны здольны раскрыцца так арыгінальна і непаўторна, як раскрыўся незабыўны ўладзімір Караткевіч. Творы пра мінулае яго чытаюцца з неаслабнай цікавасцю і сёння. Скажу па праўдзе, я звяртаюся да іх з большай ахвотай, чым да твораў Леаніда Дайнекі, Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Арлова, Таісы Бондар. Задаю сабе пытанне: «Чаму ж так адбываецца?». і названыя мною пісьменнікі стараюцца, шчыруюць на ніве так званай «гістарычнай прозы». Але многія творы гэтых мастакоў «з галавы», халодныя, не сагрэтыя сардэчным пачуццём. Цеплыня і прозы, і паэзіі Караткевіча — вынік яго нераўнадушных адносінаў да жыцця, да таго, пра што ён піша, павышанага, чуйнага стаўлення да прадмета адлюстравання. Калі чытаеш раманы, аповесці, вершы і паэмы, забываешся на тое, што яны пра былое, далёкае ад нас. Забываешся так, як забываўся сам пісьменнік, які плаваў у мінулым, як рыба ў вадзе. Менавіта такую, Караткевічаву, ачалавечаную гісторыю я люблю і цаню. Што гэта за гісторыя ў мастацкіх вобразах, калі ў ёй адсутнічаюць і сам аўтар, і людзі, і іншыя жывыя істоты, і ачалавечаная, вечна жывая прырода?

Гаворачы словамі самога песняра мінуўшчыны, выказанымі ў вершы «Васілю Быкаву », «час стагоддзі, як касой, сцінае», ідуць да ценяў веры, царствы, догмы, але хор народаў успомніць сваіх «святых і зраненых «рыцараў сумлення і свабоды». Быў ён, як і адрасат яго твора, сапраўдным рыцарам сумлення і свабоды. Сумлення і свабоды духу, ідэалаў, сваёй, а не чужой, не кімсьці навязанай веры. і пайшоў ён ад нас у маладым яшчэ ўзросце, не зберажоны, не падтрыманы ў апошнія імгненні жыцця. і адбіліся ў зрэнках яго так дарагія, так блізкія яму сонца і зоры, травы і дрэвы. Да свяціцца імя яго ў стагоддзях, увесь час, покуль жыць будуць людзі на планеце Зямля!

Апошняе прыйдзе імгненне, Жыццёвы закончыцца шлях, — і станем мы кропляй сумлення Зялёнай планеты Зямля.

Ці станем мы? А ён, бясспрэчна, стаў.