Аналіз творчасці Рыгора Барадуліна. Біяграфічныя звесткі. Творчы шлях паэта
Ты прыйшоў з вайны і гора,
Ты – з малітвы,
Ты з разгневанага бору,
Ты смалісты.
Сто паэтаў цягнуць хорам,
Ты салістам.
Ты нібы святло ў лесе
Ад каліны,
Ты ад самай добрай песні –
Ад Куліны.
Пімен Панчанка, “Паходжанне майго друга Рыгора Б.”
Рыгор Барадулін – народны паэт Беларусі, крытык, перакладчык, грамадскі дзеяч. Яго імя шмат што значыць у сучаснай беларускай паэзіі.
У графе “прафесія” ён звычайна ставіць “літаратар”. А хай сабе віратлівыя жыццёвыя пуцявіны прымусілі б яго быць інжынерам, фінансістам, медыкам, ён усё роўна быў бы паэтам. Гэта яго прызванне, яго жыццё, яго лёс. Па спосабу светаўспрымання, спосабу бачыць з’явы і рэчы ён – паэт. Гэта яго сацыяльная, грамадская, асабістая функцыя, яго натура.
Ён тэмпераментна дарыць жыццё слову, таму, што падуладна толькі таленту. Ад “сонца” у крыві, ад улюбёнасці ў родную зямлю і родную мову, ад яснага ўсведамлення свайго дачынення да натуры, стыхіі, быцця. Ён не ўмее не жыць вершам, не ўбачыць паэтычны вобраз у любым выяўленні сутнага.
Лёс Барадуліна , як і лёс кожнага паэта, абумоўлены сацыяльнымі карэннямі, часам, яго асабістай біяграфіяй. Тым часам, у якім жыве паэт, і тым, што існуе ў гістарычнай памяці народа. І яшчэ ў тым трэцім вымярэнні, у прасторы і часе душы, дзе адыходзіць на другі план падзейнае, фактаграфічнае, а ўзбуйняецца ў паэтычным усведамленні спрадвечнае.
Рыгор Барадулін закаханы ў мову, прыкуты да слова. Яго палонны і яго ўладар. Ведае – гэта заўсёды набытак, шчасце, дараванае жыццём, гісторыяй. Скарб, які можна памнажаць і выдаткоўваць, захапляцца ім, дзяліцца ім з усімі.
Нарадзіўся паэт на хутары Верасоўка ўшацкага раёна ў сям’і рабочага ў 1935 годзе. Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце пачынае публікавацца; пасля заканчэння БДУ працаваў у рэдакцыях газеты “Советская Белоруссія”, часопісаў “Бярозка”, “Беларусь”, “Полымя”. З 1972 г. працуе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Выступае ў друку з 1953 года. Выдаў зборнікі паэзіі “Маладзік над стэпам” у 1959 пасля паездкі разам з аднакурснікамі на збор ураджаю ў Кустанайскую вобласць, “Рунець, красаваць, налівацца” (1961), “Нагбом” (1963), “Неруш”(1966), “Адам і Ева” (1968), “Вяртанне ў першы снег” (1972), “Рум” (1974), “Абсяг” (1978), “Вечалле” (1980), “Амплітуда смеласці” (1983), “Маўчанне перуна” (1986), “Самота паломніцтва” (1990), “Міласэрнасць плахі” (1992), “Евангелле ад Мамы” (1995), творы сатыры і гумару і інш.
Барадулінская паэзія запомнілася адразу многім жывімі імгненнямі, адкрытасцю эмоцый, і да таго ж насцярожыла многіх. Тым больш, што пачынаў ён у канцы 50 – пачатку 60 – х гадоў, калі такі грамадскі рэзананс мела паэзія адкрытага дыскусійна-публіцыстычнага ўхілу, найбольш ярка і выразна прадстаўленая, можа, у вершах Еўтушэнкі. А тут усё больш пялёсткі, плёсы, матылькі, сонца, ветры, птушкі.
У Рыгора Барадуліна ёсць тэмы і рпаблемы, якія сталі хваляваць яго толькі апошнія гады, ёсць такія, што былі яму асабліва блізкія нейкі час, ёсць і такія, што хвалююць яго ўвесь час, прасякаюць усю яго творчасць.
Радзіма, мова, маці – ад “Маладзіка над стэпам”, першага яго зборніка, да “Евангелля ад мамы”, апошняга па часе напісання, - абавязкова прысутнічаюць у творчай памяці паэта. Як непадзельнае трыадзінства ўяўляе гэтыя самыя дарагія для яго паняцці Рыгор Барадулін.
Яго першы зборнік “Маладзік над стэпам” выявіў незвычайную душэўную шчодрасць і прыгажосць лірычнага героя. Яшчэ ў першых вершах гэтага зборніка аўтар паказаў уменне адкрыць эстэтычную каштоўнасць бытавой дэталі, падрабязнасці, розныя грані біяграфіі свайго лірычнага героя. Элементы рацыянальнасці ў мастацкай сістэме Барадуліна зведзены да мінімуму. Барадулін, калі сказаць словамі Блока, - лірык па светапогляду, па светаадчуванню, па вельмі асабіста-эмацыянальнаму ўспрыняццю рэчаіснасці, што ўласціва далека не кожнаму. Паэтычны вобраз яго – амаль адзіная форма існавання думкі і перажывання.
З імем Барадуліна ў беларускай паэзіі звязаны рэдкасны дар асабліва эмацыянальна, пластычна, шматколерна ўспрымаць навакольны свет. Ягоны творчы шлях, - пры ўсей неадналінейнасці развіцця - з’яўляецца падцвярджэннем таго, што рост творчых магчымасцей паэта непасрэдна звязаны з росквітам і ўзбагачэннем яго асобы. Добра памятаецца нізка вершаў “Вечар над Таболам” (якая ўвайшла ў першы зборнік) – маладая свежасць пачуццяў, радасць калектыўнай працы, камсамольскі энтузіязм, якія так поўна і непасрэдна выявіліся ў гэтым “цалінным цыкле”. Перачытваючы яго сёння, бачыш, што ў светаўспрыманні паэта пераважаў калектыўны пачатак, як быццам бы паэтычнае “я” аўтара “раствараецца ў масе”, у калектыве студэнтаў, што працавалі ў цалінным саўгасе. З цягам часу ўсё часцей і часцей на першы план у вершах паэта выступае паўнакроўнае і шматтзначнае “я” ў непаўторнасці індывідуальнага быцця.
Некаторым крытыкам падалося, што пасля “Маладзіка над стэпам” малады паэт сцішыў сваю хаду. Не, гэта не так. Сёння добра відаць, што і
другі зборнік “Рунець, красаваць, налівацца!” (1961) быў крокам наперад. У гэтым пераконвалі вершы “Трэба дома бываць часцей”, “Палата мінёраў”, той жа “Вятрак” і інш.
Развіццё паэта – ад кнігі да кнігі – ішло натуральным чынам. Пабольшвалася матываў роздуму, радок стаў інтанацыйна больш свабодным, гнуткім. Сакавітасць, рэчыўнасць пісьма, якія з’явіліся ў першым зборніку, цягнуцца тонкай ніткай праз усю творчасць паэта.
Тэма Радзімы гучыць шматстайна, напорыста; эмоцыі ўзбагачаюцца шдэйна і душэўна. На грунце свайго, асабшстага вопыту паэт выходзіць на шырокія абагульненні.
Верш паэта ўсё больш і больш паглыбляе свой ідэйна-маральны змест, становіцца з’явай грамадскай свядомасці.
Трэцяя кншга мела характэрна барадулінскае найменне – “Нагбом”. І. Шклярэўскі ў адным з артыкулаў пра Барадуліна тлумачыў: ““Нагбом” – гэта калі бярэш у рукі заледзянелае вядро і п’еш з яго, здзьмухваючы звонкія ільдзінкі і леташняе лісце”. Нагбом – метафара ўсёй барадулінскай паэзіі з яе свежасцю і першанароднасцю фарбаў.
Паэзія Барадуліна пастаянна ўзбагачаецца новымі сродкамі выразнасці, імкнецца да свежых мастацкіх форм,. здольных ярчэй, эмацыянальней выявіць унутраны сэнс падзей, светаадчуванне сучасніка. У кнізе “Нагбом” узмацнілася імкненне да большай маштабнасці ўспрыняцця рэчаіснасці: “Я – сын зямлі, нашчадак хлебаробаў, услед за сонцам доўга мне брысці”. Барадулінская паэзія паглыбляе разуменне духоўных каштоўнасцей чалавека – узнікае вобраз маці. Яе вобраз упершыню ўзнікае ў цыкле вершаў “Трыпціх”, у якім аўтар расказаў пра родную зямлю і яе працавітых гераічных людзей. “Трыпціх” – гэта асэнсаванне свайго роду, прыналежнасці да роднай зямлі.
Ад бацькі свайго
ў радню
Я атрымаў
з дзяцінства
Шырокую даланю –
Тапарышча
любое
сцісну!
Паэт звяртаецца да такіх дэталей, падрабязнасцей, якія знаходзяць для сябе ў запасніках нашай памяці, індывідуальным жыццёвымвопыце вельмш спрыяльную глебу. Мы суперажываем разам з паэтам; вобраз пашыраецца, вырастае, кранаючы ўсё новыя бакі нашага светаадчування.
Адна за другой выходзяць кнігі : “Неруш” (1966), “Адам і Ева” (1968), “Лінія перамены дат” (1969), “Вяртанне ў першы снег” (1972) і іншыя. Паэт, расказваючы пра сябе і сваё пакаленне, здолеў шырока адлюстраваць прыгажосць Радзімы і роднай прыроды, паказаць вялікую чалавечнасць і гераізм савецкіх людзей, веліч іх подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне і пафас стваральнай дзейнасці, дружбу народаў. У паэзіі Барадуліна знаходзім вострае адчуванне роднага дома, радзімы, прыроды, мовы, гісторыі. Яго паэтычнае майстэрства надзвычай высокае: багацце мовы, шматстайнасць вобразна-стылёвых сродкаў, своеасаблівы псіхалагізм дапамагаюць дакладнаму і паўнакроўнаму выяўленню жыцця.
Плённа развіваецца інтымная лірыка, даючы прастор чалавечай пяшчоце, багаццю пачуццяў, асабістасці. Паэт пераканаўча паказвае, што пачуццё кахання дапамагае чалавеку глыбей і паўней адчуваць свет, прыгажосць яго аб’ектыўнай рэальнасці. Інтымная лірыка пашырае сваю “зямную” аснову, эстэтэзуе не толькі высокі духоўны пачатак, але і здаровую рэчыўнасць.
Пашыраецца сацыяльны аспект яго творчасці. Асоба, яе ўнутраны свет і свядомасць – вось што кранае паэта. Яго цікавяць духоўныя патэнцыі чалавека, права на індывідуальнасць, самастойнасць выбару і рашэнняў.
Прыйшла сталасць.
У яго паэзіі назіраецца не толькі больш адкрытасці, шчырасці (гэтага заўсёды хапала), але і імкненне да паглыблення набытага жыццёвага вопыту. Р. Барадулін прадстае перад чытачом – у кнігах “Лінія перамены дат”, “Вяртанне ў першы снег” і іншых – рэальнай, нявыдуманнай асобай свайго героя, які перажыў жах фашысцкіх блакад, бачыў і гнеў, і высакароднасць душы народа, гераізм сваіх бацькоў, братоў і сясцёр. Для яго паэзіі становіцца характэрным матыў вечнага чакання тых, хто не вярнуўся з вайны – бацькоў, мужоў, сясцёр і братоў.
Шырокі рэзананс набывае паэма “Блакада” (1968), прысвечаная светлай памяці бацькі Івана Рыгоравіча, якая была напісана ў родным горадзе – ва ўшачах. Удалай аказалася паэма “Вяртанне ў першы снег” (1971), у якой паэт ізноў прыгадвае маленства, першыя ўражанні дзяцінства, юнацтва і маладосць. Але гэтай паэме ўжо бракуе той эпічна йгрунтоўнасці, што была ўласціва знакамітай “Блакаддзе”…
Р. Барадулін адносіцца да паэтаў надзвычай эмацыянальных. Новыя кнігі вершаў – “Рум” (1974), “Абсяг” (1978), “Вечалле” (1980) – пацвяржае гэту прыродную своеасаблівасць яго таленту, яго паэтычную канцэпцыю. У яго паэзііпа-ранейшаму шмат непасрэднасці, жыццёвых “ліўняў”, матэрыяльнасці быцця, жывых аўтабіяграфічных фактаў. І цяпер асабліва цяплее голас паэта, калі ён дакранаецца сваім талентам да блакіту азёр, зелені бароў і лугоў роднай Ушаччыны, калі любуецца і захапляецца добрымі справамі сваіх землякоў. Так, ён не адмаўляецца ад традыцыйнай сваёй паэтыкі – умення прадметна і шматфарбна ўспрымаць навакольны
свет. Аднак сёння ўменне гэтае ўсё часцей падпарадкоўваецца задачам пранікнення ў новыя “абсягі” рэчаіснасці і духоўнага свету чалавека, выхаду на больш мастацкі ўзровень мастацкага абагульнення. Сённяшнія творы паэта ў большай ступені пазначаны рысамі ў думлівасці і развагі.
Зборнік “Рум” разам з перакладам выбранай лірыкі Ф. Гарсія Лоркі “Блакітны звон Гранады” ў 1976 годзе адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы.
Новыя рысы набывае паэтыка . У кнізе “Абсяг” пейзажы і краявіды будуюцца з адчуваннем унутранай перспектывы, шматпланавасці, з праекцыяй на духоўнае жыццё.
Паэтычнае перажыванне набывае новы а’ём і глыбіню. Якраз у пашырэнні асацыятыўнага кола душэўных адценняў бачыца ўзбагачэнне рэалізму лірыкі Барадуліна. За прадметамі і праявамі жыцця ён хоча ўлавіць другі і трэці іх план, спасцігнуць іх неадназначнасць і філасоўскую сутнасць.
Жыццёвы і і дэйны мастацкі вопыт паэта адлюстраваўся ў “Баладзе Брэсцкай крэпасці” (адзначана прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі). Гэта – паэма, якая асэнсоўвае подзвіг абаронцаў Брэсцкай цытадэліз вышыні сучаснасці.
Паэт ідзе ў гісторыю, яму дапамагае багатае асацыятыўнае мысленне. Здаецца, што яму ўсё падуладна. “Дзён сівое прадзіва ніткаю суроваю на сцяжыну прадзеда памяць выкіроўвае”.
Вершы Барадуліна адкрываюць нам нешта надзвычай істотнае, важнае ў маральным абліччы самога паэта і яго пакалення. Духоўныя крытэрыі суровага ваеннага і пасляваеннага часу для яго жывыя і актуальныя і сёння, нездарма ён патрабуе “так адзін аднаго паважаць, як пасля вайны паважалі!”. З гэтым пэўным чынам звязаны паказальны для сённяшняга Барадуліна матыў самааналізу і пераацэнкі каштоўнасцей: “Куды ж так імчаўся на злом галавы, каго ягукаў і шукаў?”. Паэта ўсё больш пачынае займаць тэма ўзросту, часу, чалавечай адказнасці за пражыты век.
Словатворчасць – асобная тэма ў дачыненні да яго паэзіі.Нават наватворы гучаць у Барадуліна зусім па-народнаму і добра ажыўляюць мову.
Словатворчасць для Р.Барадуліна вельмі характэрна: лацно, погарбы, харашба, галута, парух, прысмеркі, імасць, чалавека-земляня – гэтыя і іншыя словы ўзяты паэтам з дыялектнай мовы або створаны ім самім. А дзеясловы і прыметнікі: славянніца, галініцца, антэніцца, ратоўчы, стахлая…Любіць ён карыстацца прыслоўямі, іх у яго безліч, і ўсе карыстаецца крамяныя, свежыя: калодна, вульна, прадонна, прыплодна, ліхвярна, борна, азёрна і г.д. Думаецца, што намаганні паэта ў галіне моватворчасці плённыя, яны супадаюць з агульным рэчышчам духоўнай дзейнасці народа як моватворцы.
Яго паэзія развіваецца ў бок шматмернага, аб’ёмнага паказу жыцця.
Яе рост непарыўна звязаны з ростам асобы, яе духоўным светам, стваральнай памяццю. “Вечалле” – так назваў сваю кнігу Барадулін, зачапіўшы цэлае “гняздоўе” слоў: вечалле – веча – вечар – вечнасць… Паэзія, на яго думку, заклікана вярнуць асобе разуменне ўсеабдымнасці яе быцця, паказаць, на якой тоўшчы часу стаіць сённяшні чалавек.
Думка і пластыка – два крылы верша. Барадулін ведае: абодва яны павінны быць моцнымі, надзейнымі, калі паэт усур’ёз хоча спасцігнуць складаны свет чалавека. Пластычныя рашэнні ў яго надзвычай дакладныя, ёмістыя па сэнсу.
Здзіўляе паэтычнае майстэрства рыфмы, гукапісу. Мастацкая форма мысліцца ім як форма змястоўная, пластычна-аб’ёмная.
Рыфмовыя сугуччы напаўняюцца ў яго разнастайнымі асацыяцыямі: кульмінацыя – кулямі нацыя, няшчадна – нашчадкам і г.д.
Р. Барадулін вядомы як майстар дэталі, у якой матэрыялізуецца думка, якая здольна вырастаць да сімволікі.
Жывапіс і пластыка паэта больш і больш насычаюцца філасоўска-інтэлектуальным зместам. Разам з тым паглыбляюцца гістарычныя далягляды.
Сучасныя вершы і паэмы Р. Барадуліна сведчаць, што вяртанне да прешаснага мастацкага мыслення, да старадаўніх вытокаў і каранёў – істотная рыса сучаснай беларускай паэзіі. Фальклорная спадчына і сёння ўплывае на літаратурны працэс, застаючыся каштоўнай крыніцай ідэйна-мастацкага ўзбагачэння беларускай паэзіі. Сучасны асацыятыўны верш увабраў у сябе народную паэтыку і індывідуаьны вопыт класікаў.
Каб паўней адлюстраваць сучаснасць, ён усё настойлівей і з большай духоўнай патрэбай звяртаецца да фальклору. Барадулін і фальклор – удзячная тэма спецыяльнага даследвання. Гэта сувязь існуе на розных узроўнях. У яго паэзію ўвайшоў народны вобраз лёсу-талану, які накіраваны паэту і які патрабуе вернасці. Пры ўсёй жыватворнасці фальклорнай паэтыкі яна патрабуе індывідуалізацыі і псіхалагізму. Барадулін ставіцца да яе актыўна. Ён пераасэнсоўвае змест фальклорных матываў. Часам паэт вельмі вынаходліва звяртаецца да цытавання народных песень (напрыклад, у вершы “Дробненькі дожджык дый накрапае..”), тактоўна і ўдала спалучаючы асобныя радкі са сваім вершам, стварае прыслоўі і прымаўкі.
Што яшчэ дадаць да ўсяго гэтага?
Творчасць паэта шматжанравая: лірыка, эпас, сатыра, мастацкі пераклад.
Сатырычныя і гумарыстычныя творы сабраны ў кнігах “Дойны конь” (1965), “Станцыя кальцавання” (1971), “Прынамсі…” (1977), дзіцячыя – у зборніках “Мех шэрых, мех белых” (1963), “Красавік” (1965), “Экзамен” (1969), “Ай, не буду, не хачу” (1971) і іншыя. Пераклаў “Ветрык, вей!” Я. Райніса, паасобныя творы Дж. Байрана, С. Ясеніна, У. Бранеўскага, Э. Межалайціса. Таксама ёсць у Барадуліна вершы, напісаныя на аснове біблейскіх запаветаў іматываў. Яны даюць магчымасць далучыцца да таямніц і скарбаў мудрасці, падштурхоўваюць да роздуму над зменлівасцю і бясконцасцю Сусвету.
Рыгор Барадулін, з’яўляючыся прадаўжальнікам сваіх вядомых папярэднікаў, светачаў нашаг Адраджэння Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, М. Багдановіча, знаходзіцца ў няспынным творчым пошуку, у пошуку новых адкрыццяў. Ён ідзе ў нагу са сваім часам, чуйна рэагуючы на ўсе праявы грамадскага жыцця. Творы яго, захоўвачы сакавітую і найлагоднейшую матчыну мову, вучаць высокай праўдзе, справядлівасці, дабру і чалавечнасці.
Спіс выкарыстанай літаратуры:
* В. Дз. Старычонак “Беларуская літаратура ад А да Я. Для абітурыентаў”.
* У. Гніламёдаў “Ля аднаго вогнішча”
* Ала Сямёнава “Гарачы след таленту”.
Аналіз верша “Нагбом”.
Верш “Нагбом” адносіцца да цыклу вершаў, прысвечанных Вялікай Айчыннай вайне, з’яўляецца ўспамінам Барадуліна аб страшэнных, лютых гадах вайны, у якія загінуў яго бацька. Верш вельмі насычаны перажываннямі, ён выглядае як абагульненыя ўражані “дзяцей вайны” пра тыя жудасныя часіны. Апошнія радкі яго абагульняюць ідэйны змест усяго твора: роздум паэта аб сваім пакаленні і сэнсе яго жыцця, сэнсе жыцця ўвогуле кожнага чалавека:
… і сонца смех,
і аблачынак апошні снег
п’ю з неба,
як з поўнага кубка,
нагбом,
бо сувязны не дапіў…
Паэт вельмі добра захаваў у памяці момант са свайго дзяцінства: ідзе “трэцяя партызанская вясна”, партызанская зона, малады партызан-сувязны п’е нагбом з вядра ваду каля старога калодзежа, які цудам пражыў тры ваенныя вясны. Адно імгненне сустрэчы ў вядры з вадой, якое дастаў малады партызан, сонейка і ільдзінак, на мой погляд, і стала асноўным штуршком для паэтычнага адлюстравання гэтай сцэны, бо гэтая сустрэча нібы сустрэча цеплыні і холада, дабрыні і зла, нямецкай і савецкай моцы, яна нібы прадвяшчала сустрэчу нямецкай кулі з жыццём маладога ваеннага, пасля чаго гэтае жыццё прыпынілася. Жудасная сцэна забойства, асабліва жудасная для опзіоку маленькага хлопчыка, для якога свет яшчэ павінны быць светлым і добрым.
У вершы арыгінальна і пераканаўча перададзена жыццялюбства сувязнога і лірычнага героя. Гэта найбольш добра ўвасоблена сімвалічным вобразам поўнага вядра вады, якое з’яўляецца нібы поўным кубкам жыцця і ў якім сустрэліся сонца і ільдзшнкі:
Паветра ўдыхнуўшы,
хлопец дзьме
на ільдзінкі –
б’юцца ў клёпкі са звонам,
яшчэ адзін уздых ягоны -
сонца, як перагрэтая медзь,
у сценку драўляную стукае мякка.
Нагбом
з поўнага
п’е партызан са смакам –
толькі ходзіць кадык.
З вялікай узрушанасцю гучаць апошнія радкі верша, бо хлопец- сувязны не сустрэў перамогу над немцамі. Жыццялюб і абаронца, ён загінуў у поўным расцвеце моцы, поўны жадання мірна, добра, шчасліва жыць пасля перамогі. Паэт падкрэслівае, што за здзяйсненне мары не аднаго салдата, а цэлага народа, для мірнага і паўнацэннага жыцця будучых пакаленняў заплачана дарагой цаной. Заключныя радкі перадаюць урачыстасць і драматызм лірычнага перажывання, у іх спалучаюцца трагзм і жыццясцвярджальны пафас.
Ад імя ўсіх уратаваных ад гібелі пакаленняў паэт і яго лірычны герой схіляюць у самоце і пашане галаву. Чырвонай ніццю праз увесь твор праходзіць тэма бясконцай удзячнасці ўсім загінуўшым дзеля будучых.
У вершы прысутнічаюць дзве ключавыя постаці, два героі. Першы – малады, прыгожы, жыццярадасны, не паспеўшы пражыць поўнае змястоўнае жыццё, сувязны. Другі – лірычны герой, праз прызму якога мы бачым падзеі, разам з якім перажываем, разам з якім аддаем даніну памяці. Ідэйны змест гэтага верша заключаецца ў няспыннасці, пераемнасці жыцця ад пакалення да пакалення, бясконцай удзячнасці жывых перад светлай памяццю загінуўшых.
Аналіз верша “Неруш”.
Тэма роднай мовы, яе лёсу, яе бяскрайняга, бяздоннага багацця і будучыні, бадай, самая хвалюючая на працягу ўсёй творчасці Барадуліна. Гэта абумоўлена тым, што для кожнага сапраўднага беларуса, мова – найсвяцейшая з усяго святога, а Рыгор Барадулін быў сапраўдным беларусам. Верш негалосна адмаўляе нігілістычную ідэю ўрадам Савецкага Саюзу стварыць адзіную “камуністычную” культуру, знішчыць з твару Зямлі культуры розных народаў, у тым ліку і беларускую.
Верш “Неруш” – адзін з многіх вершаў Барадуліна аб непаўторнай прыгажосці і невычэрпным багацці нашай мовы. Нерушам ранішнім паэт называе родную мову з тае нагоды, што яна такая ж чыстая светлая, як раніца, што разумее тое, што на зямлі беларускай наўрад ці ёсць людзі якія дасканала, да апошняй кроплі ведаюць родную мову. Аб родным слове Барардулін піша:
Мне шукаць цябе,
покуль гляджу,
Пад зялёным крылом верасовак,
Пад крысом
і спякоты й дажджу.
Неруш – гэта сінонім першаснасці, некранутасці.
У вершы выяўляецца страсная ўлюбёнасць паэта ў сваю родную зямлю, у свой край. Гэта лірычная клятва, споведзь свайму народу, зямлі, мове…
Паэт знаходзіць трапныя, змястоўныя словы, падкрэсліваючы гэтым багатыя выяўленчыя здольнасці роднай мовы:
Слова, што як нарог для ратая,
Як для ластаўкі – стромы вільчак,
Ад якога на небе світае,
Ад якога яснее ў вачах.
Роднае слова і яго вобразна-выяўленчае багацце ўяўляюцца паэту магутнай, магічнай, цудадзейнай сілай, ад якой “на небе світае”, “яснее ў вачах”… Кожны радок верша, як і кожны радок і вобраз барадулінскай паэзіі, аблашчаныя пяшчотнай любоўю да роднага слова. Назваўшы родную мову ранішнім нерушам, паэт бы папярэджвае нас, што да кожнага слова і вобраза роднай мовы патрэбна ставіцца ўдумліва, уважліва і тады перад намі адкрыюцца ўсе невядомыя дагэтуль нямніцы роднай мовы. Адкрываць для іншых хараство беларускай мовы – адна з галоўных мэт паэта. Эмацыянальна ўзрушана паэт кажа чытачу аб уласным творчым абавязку кожнага з нас берагчы духоўны скарб продкаў: “Неруш свой панясу я аберуч, Як слязіну з матуліных воч”. Мову, як усё жывое, і як чалавека трэба бараніць на барадулінскую думку, адстойваць ад усяго, што можа яе пакрыўдзіць. Апошнія радкі верша, у якіх увасоблены яго асноўны ідэйны змест, гучаць урачыстай прысягай паэта і яго лірычнага героя”
Неруш ранішні – матчына слова, Мне, як бору, цябе засланяць!
Аналіз верша “Сафійка”.
Гэты верш прысвечаны тэме духоўнай велічы, незнішчальнасці і сілы беларускага народа. Цэнтральным сімвалам-вобразам твора з’яўляецца Полацкі Сафійскі сабор, найславуцейшы помнік архітэктуры даўніны. Некалькі разоў у XVіі і XVііі стагоддзях Сафійскі сабор спальвалі і разбуралі розныя захопнікі, але палачане зноў і зноў адбудоўвалі свой знакаміты храм, які праз вякі быў і застаецца славай і гонарам гісторыі і культуры беларускага народа. Жыццё і лёс Сафійскага сабору ўвасабляюць лёс і духоўную моц на любое аднаўленне беларускага народа.
Гісторыя Сафіі – неад’емная частка гісторыі Беларусі. Паэт згадвае пра тое, што ў гады савецкай улады шпіталь быў закінуты, гвальтоўна адасоблены ад культурнага жыцця народа, па-мастацку трапна, са шкадаваннем паэт заўважае, што на яго дзвярах вісеў “замок пудоваю завушніцай”, але гэта завушніца не ўпрыгожвала дасканалы храм. У сумных раздуменнях лірычны герой верша робіць выснову, што такі лёс Сафійкі – засланяць людзей, жыццё, хлеб ад ліхога.
Лірычны герой верша, як і яго сучаснікі-шэсцідзесятнікі, рамантызуе суседства сівой даўніны з толькі ўзведзеным Нафтаградам:
Пахам нязвыклым
вецер дыхне з Нафтаграда –
прачнецца Сафійка:
стаіць незнаёмец,
ад нафты бліскучы,
як грак на праталіцы.
Але гэтае нязвылае суседства непакоіць лірычнага героя. Гэта выразна адчуваецца ў вершы. Адухоўленная ў паэтавым уяўленні Сафійка задыхаецца ад паветра, што даносіць вецер з Наваградка.
Асноўная тэма духоўнай моцы і незнішчальнасці нашага народа дапаўняецца ў творы матывамі духоўнай пераемнасці пакаленняў, вечнай каштоўнасці помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры для нашчацкаў. І самае адметнае тое, што Барадулін першым закрануў у сваёй творчасці экалагічную тэматыку. Часткова, але ж…
Аналіз верша “Ад сівых гадоў, ад дзядоў…”.
Тры асноўныя тэматычныя кіты творчасці Барадуліна – тэма маці, тэма Радзімы і тэма роднай мовы. І ўсе яны “пасяліліся” ў “акіяне” верша “Ад сівых гадоў, ад дзядоў…”, і кожны па-свойму дапаўняе другога. Гэты твор, на мой погляд, з’яўляецца своеасаблівым працягам купалаўскага верша “Спадчына”. Шляхам асэнсавання, лірычны герой твора прыходзіць да таго, што яму і яго сучаснікам у спадчыну “ад сівых гадоў, ад дзядоў” засталіся народныя песні, родныя лес, поле, дзе “гняздо курапатчына” і “мох зязюльчын”, “сіні верас”… Але самы найвялікшы скарб – “галубіная мова матчына”. Пералічаныя вобразы рэальнасці ўвасабляюць Радзіму – Беларусь – Бацькаўшчыну, без якой немагчыма жыццё і лірычнага героя, і самога Барадуліна. У радку “Песні жніўнай смутак удоў…” выразна гучыць аўтабіяграфічны змест.
Дзве апошнія страфы верша гучаць як прысяга вернасці лірычнага героя роднай матчынай мове:
Не згублю яе ў тлуме дарог,
Дзе маторам вясёла грукочацца…
Верш прасякнуты ўдэяй неўміручасці Бацькаўшчыны, духоўнай спадчыны беларускага народа, аснову якой складае бясцэнны скарб – родная мова. Эпітэты, метафары і іншыя вобразныя сродкі мовы верша падпарадкаваны глыбокаму ўвасабленню аўтарскай задумы. Пяшчоту гучання роднай мовы паэт дакладна акрэслівае эпітэтам “галубіная”. Прысягнуўшы роднай спадчыне, лірычны герой просіць блаславення ў роднай зямлі да апошніх дзён жыцця застацца яе “хрэснікам”.
Аналіз верша “Вечнасць”.
“Вечнасць” – гэта, хутчэй за ўсё, верш-маналог. Назва цалкам адлюстроўвае змест верша: філасоўскія асэнсаванні праблемы прызначэння чалавека, яго зямных спраў, роздумы пра вечны кругазварот жыцця. Верш нібы зварот лірычнага героя ў Вечнасць, у якую сыходзіць кожная істота на Зямлі.У гэтым вершы паэт на ўзроўні асацыяцый ды метафар асэнсоўвае высокія паняцці. Дабрыня людзей, душа чалавека ўяўляюцца Барадуліну сатаўнымі часткамі, з якіх складаецца Вечнасць. Нічога не адасабляецца ад адзінага, прыгожага беларускага народа, яго гісторыі, культуры, жыцця. У адпаведнасці з паганскімі традыцыямі свайго народа паэт адухаўляе час, Вечнасць і вядзе гутарку са сваімі суразмоўцамі. Барадулін перакананы: “Беларус душой праз вякі адчувае сваю еднасць з космасам”. Маналог, звернуты да віртуальных суразмоўцаў, гучыць усхвалявана і ўрачыста. Уражвае трапнасць і ёмістасць метафар паэта:
З табой кожным нервам знітаваны,
Не, Вечнасць, я ў цябе не паняты!
Зязюлямі гадоў пракукаваны,
Бор галавы маёй аснежыш ты…
Лірычнаму герою не страшна старасць, бо менавіта ў гэты час чалавек робіць свае самыя асэнсаваныя справы, кажа самыя мудрыя словы. Менавіта гэты час паэт называе “захад залаты”.
Сцвярджаючы несмяротнасць чалавечага духу і добрых людскіх спраў, высокай духоўнасці сапраўднага мастацтва, у тым ліку і паэзіі, лірычны герой Барадуліна ўпэўнены:
Да зор скірую зор караваны,
Арлы іх прывітаюць, як браты.
Не знікну так, як цень, як гук пусты.
Не адцвітуць вачэй маіх паляны,
Прабіўшы жвіру мокрага пласты.
Жыццясцвярждальны сэнс твора дакладна перадаецца эмацыянальна афарбаванымі дзеясловамі-адмоўямі: “не ўстрашыць”, “не знікну”, “не адцвітуць”. Лірычны герой як бы асэнсоўвае сябе і свае справы ў двух часавых вымярэннях: у сучаснасці і ў будучыні, у цяперашнім рэальным і ў будучым далёкім свеце.
Вечнасць, на думку Рыгора Барардуліна, прысутнічае ў кожным дні чалавечага жыцця і дзеля яе варта жыць.
Дыскусіі
2 года 38 недель назад
3 года 31 неделя назад
3 года 37 недель назад
3 года 37 недель назад
3 года 48 недель назад
4 года 38 недель назад
4 года 39 недель назад
4 года 39 недель назад
5 лет 27 недель назад
5 лет 30 недель назад