Аналіз творчасці Максіма Багдановіча. Тэма кахання ў творчасці
Мяне прываблівае ў лірыцы пра каханне чысціня і светласць выказаных пачуццяў. Нават пры ўсім магчымым суме, часовых ростанях і непаразуменнях. Такой яна была ў Пушкіна і Лермантава («Я вас любіл так ласково, так нежно»), у Янкі Купалы (прыгадаем паэму «Яна і я», усю расквечаную зіхатлівымі, яркімі фарбамі). А таксаме ў Якуба Коласа — аўтара цудоўнай паэмы «Сымон-музыка». Рыцарская самаахвярнасць уласцівая паэзіі пра каханне Максіма Танка, які нават пасля смерці застаецца з любай сваёй («Стану кладкай — пераходзь на бераг мой» — запрашае ён яе ў тужлівы час расстання). Лірыка Жэні Янішчыц — сучаснай беларускай паэткі — пра непадзеленае, незразумелае з боку юнака, мужчыны каханне. Такое ж яно, афарбаванае гаркотай непарузмення, але з боку прыгажуні-дзяўчыны, і ў Максіма Багдановіча. Ён маркоціцца і нудзіцца, кахаючы. Трагічна перажывае разлад светлай мары з рэчаіснасцю. Гэта нуда можа быць прасветленай, як у вядомым усім «Рамансе». Прасветленай і мігаценнем зоркі Венеры ў небе, і шчырымі згадкамі пра ранейшыя сустрэчы з каханай. Так, як і ў пушкінскім «Пасланні А.Керн»:
Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Шчырыя згадкі з сабой прынясла.
Помніш, калі я спаткаўся з табою,
Зорка Венера ўзышла.
А ў іншым выпадку нудзіцца горка, трагічна, чакае — не дачакаецца канца свайму трывожнаму настрою. Яму здаецца, што ўсё страчана ў жыцці раз і назаўсёды:
і я, нявідны для цябе і бледны,
Не бачачы нічога ўкруг сябе,
Прыпаў бы к ім...
і вось чакаю бедны:
Ці ж хутка з'явіцца канец журбе?
Я прывяла па памяці ўрывак з верша «Маркотна я чакаю. Для чаго ты...». Напісаны ён у 1911 годзе. Паэту было дваццаць гадоў. Ён, відаць, перажываў як радасныя, так і трагічныя сустрэчы. і тыя, і другія пакінулі глыбокі след у яго душы.
і ўсё ж пры ўсёй элегічнасці лірыка і паэтычны эпас (а гэта і вершаванае апавяданне «У вёсцы», і паэма, названая таксама аўтарам «вершаваным апавяданнем», «Вераніка») прасякнутыя гуманістычнымі адносінамі да дзяўчыны, будучай жанчыны — сімвала прыгажосці. Жаночы пачатак, на думку паэта, не менш, як прыродны, гарманізуе свет, надае яму абрысы дасканаласці, завершанасці. У правільнасці такога вываду лёгка пераканацца, калі ўчытаемся ў радкі твора «У вёсцы». Сюжэт яго на дзіва просты, празрысты: усхваляваны думкамі пра «дзявочыя пастаці» і светлыя душы мацярок — увасабленне «вышэйшай красы», паэт прыгадвае, як у бытнасць сваю на Радзіме далёкай сустрэў у пустой вёсцы (шэрыя, струхлелыя хаты, вокны — латы, чорная гнілая салома, вузенькая і крывая вулка), сярод прыкметаў руйнавання, старэння, адмірання, дзяўчынку гадоў васьмі і маленькага хлопчыка, які папоўз на ручках да сваёй і нянькі, і «матулі», а тая нахілілася да яго і пачала ласкава суцішаць, выціраць слёзкі з вачэй. Не ведаю, чыё сэрца застанецца раўнадушным да трапнага вобраза-параўнання, выкарыстанага паэтам для выказвання свайго замілавання прыгажосцю маленькай «маці», запэцканай вясковай дзяўчынкі, Мадонны:
і, як схіляецца ад ветру верх бярозкі,
Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі
Сціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач — зусім, як быццам маць...
Чаму менавіта такі вобраз-дэталь выкарыстаў паэт, а не іншы? Ды таму, што ён надзвычай дакладны, і сам па сабе пяшчотны: бярозка ж — светлае і добрае дрэва, таксама, як і жанчына, увасабленне хараства, прыгажосці, пяшчоты. А як мякка і ціха схіляецца яе верхавіна пры ветрыку найцішэйшым. Элегантна, высакародна! Лепшыя словы прыдумаць нават цяжка. Багдановіч спыніўся перад цудам, перад гармоніяй усё той жа, якой так захапляўся, якую пастаянна шукаў. і застыў ад здзіўлення. і занатаваў яе праніклівымі, філасофскімі радкамі. Прыгадаў Рафаэлеўскую Мадонну, іканапісную святую Марыю. Абагавіў простае, запэцканае маленькае дзіця, як некалі пазней зробіць гэта ў вершы «Непрыгожая дзяўчынка» Мікалай Забалоцкі. і напіша радкі пра тое, што такое спраўдная прыгажосць — «сасуд, у якім пустата», ці «агонь, што палымнее ў сасудзе»? А Багдановічавы радкі таксама не менш важкія і значныя:
А можа не краса была ў дзяўчынцы той, —
Дзяўчынцы ўпэцканай, і хілай, і худой, —
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі.
Стараўся выявіць праз маці божай лікі.
У каханні Багдановіча зліваюцца два пачаткі — палкасць пачуцця да любай, роднай і дарагой істоты і павага да маці, Мадонны. Каханая і Маці стаяць побач і ў паэме «Вераніка», калі гераіня пасля доўгай ростані лечыць сэрца свайго сябра. і яе дзеянні выдаюць у ёй і пяшчотнасць, і цнатлівасць, і мацярынскую клапатлівасць. Не выпадкова паэт піша: «і мела дзеўча выгляд маці», «Схілілася, як да дзіцяці». Думку пра злітнасць прыгажосці і мацярынства як умову сапраўднай прыгажосці, сутнасці самога жыцця Багдановіч выказвае яшчэ адным радком: «Двайной красы аблік ядыны!». і ў адстойванні формулы двухадзінай красы якраз і заключаецца наватарства твораў Багдановіча пра каханне.
Максім Багдановіч любіў цяжка, сумна і ў той жа час светла. Яго творчасць прасякнута промнямі дабрыні і веры ў чароўныя, цудадзейныя сілы сапраўднага кахання і неаддзельнай ад яго прыгажосці. Падобны ідэал стаў традыцыйным для нашай нацыянальнай літаратуры.
Дыскусіі
2 года 33 недели назад
3 года 26 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 32 недели назад
3 года 42 недели назад
4 года 32 недели назад
4 года 33 недели назад
4 года 34 недели назад
5 лет 22 недели назад
5 лет 25 недель назад