Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Водгук на апавяданне Барыса Сачанкі "Ля даўняга селішча"

Июл/10

06

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Прачытала гэтае невялікае, але ў той жа час аб'ёмнае па сваім змесце і глыбіні апавяданне, і слёзы нагарнуліся на вочы. Вельмі цяжка стрымаць іх. Вядома, вайны я не бачыла на свае ўласныя вочы, але, здаецца, зразумела таго аднарукага мужчыну з апавядання, які не хацеў нічога тлумачыць свайму маленькаму сыну. Апынуўшыся на яго месцы, я зрабіла б менавіта так. I справа не ў тым, што хлопчыку толькі шэсць-сем гадоў, а ў тым, што за свае яшчэ кароткае жыццё ён вельмі мала перажыў. Бо я пераканана, што ўзрост чалавека вызначаецца не колькасцю пражытага, а колькасцю перажытага. Мабыць, хлапчук, які быў шчаслівейшы, чым яго невядомы брат, не бачыў яшчэ цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў. I, згадзіцеся, размаўляць з такім чалавекам пра ўласны боль вельмі цяжка, амаль немагчыма, таму што ён усё роўна не зразумее цябе. А можа быць і такое, што сваім неасцярожным пытаннем ці нават позіркам, як нажом, разане па жывым, трапяткім сэрцы, якое і так баліць ад раны, што не хоча загойвацца.
Думаю, што калі-небудзь, пазней, бацька пачне гаворку з сынам пра ўсё гэта: і пра вайну, і пра першую жонку, і пра Косціка-хвосціка... А можа і не. А пакуль трэба маўчаць, сцяўшы зубы ад сардэчнага болю з тым палыном і быльнягом, з нежывым селішчам, разам з пачарнелым ад дыму блакітам нябёсаў, разам з роднай Беларуссю-сінявочкай, якая ў гэту хвіліну глядзіць на нас смутнымі вачыма маці, што страціла дзіця, вачыма згорбленай бабулькі з пасівелымі ад попелу вайны скронямі.
Я разумею таго мужчыну з апавядання яшчэ і таму, што ўжо адчула на сабе подых бяды. Я ведаю, як гэта жудасна, калі ў цябе ёсць у жыцці штосьці самае добрае і дарагое, а потым ты яго губляеш, і губляеш часам назаўсёды.
Гэта апавяданне кранула мяне да глыбіні душы, выклікала цяжкі ўспамін.