Водгук на драму Янкі Купалы "Раскіданае гняздо"
Напісаны твор на аснове фактаў з жыцця сям'і дзеда Ануфрыя, у якога князь Радзівіл адабраў зямлю і хату. Асэнсоўваючы сямейную трагедыю як агульнанародную, Я. Купала паказаў у творы цяжкі шлях беларускага сялянства ў пошуках страчанай бацькаўшчыны, зямлі і волі. У цэнтры п'есы — сям'я Зяблікаў, прозвішча якой асацыіруецца з галечай і абяздоленасцю. Лявон Зяблік амаль 5 гадоў судзіцца з панічом за кавалак зямлі і хату. «Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне», — такі асноўны жыццёвы прынцып героя п'есы. Без зямлі ён не ўяўляе свайго існавання і калі судовую справу выйграе паніч, Лявон, даведзены да адчаю, канчае жыццё самагубствам.
Жонка Лявона Марыля — гэта вынослівая, самаахвярная сялянка-пакутніца. Пасля смерці мужа яна ў роспачы, не ведае, дзе шукаць паратунку, як накарміць і абагрэць дзяцей. Спрабуе ўгаварыць Сымона пайсці на службу да паніча. «Падумай, адпусціся, выкінь гордасць з сэрца і паслухай маткі!.. Пакарыся ты ім, — яшчэ не позна!», — просіць
яна сына. Але Сымон адмаўляецца ад прапановы. Надзеі ж на дачку Зосю, якая хоча сваім каханнем да паніча дапамагчы родным, Марыля не бачыць. Тлумачачы сваё трагічнае становішча воляю Бога, маці шые жабрацкія торбы.
Па-іншаму адносіцца да складанай жыццёвай сітуацыі старэйшы сын Зяблікаў Сымон. Гэта свабодалюбівы, непакорны, моцны духам чалавек. Ён адольны абараніць сваю чалавечую годнасць, заступіцца за іншых. «Свайго ў крыўду не папушчу, хоць бы там свет дагары нагамі перакуліўся», — гаворыць ён. Зоська і Незнаёмы параўноўваюць яго з вольнай птушкай, магутным арлом: «Птушкаю арлоы быць бы табе і лётаць па паднябессі, як лётае вецер гэты вольны!»
Вобраз Сымона пададзены ў развіцці. Спачатку ён, як і яго бацька, спадзяецца на справядлівасць суда і законаў. Упэўнены ў сваёй праваце, ён, калі дваровыя людзі заворваюць пасевы, з сякераю ў руках бароніць сваю зямлю. Як чалавек рашучы, настойлівы і ўпарты, Сымон хоча дабіцца праўды ўласнымі сіламі. На бацькавай магіле ён дае клятву «жывым не сысці з гэтага месца, з гэтага разграбленага гнязда.., хай б'юць, рэжуць, катуюць». На прапанову маці скарыцца, пайсці да паніча на службу Сымон рашуча адказвае: «Пакарыцца?.. Гэта, мамачка, значыць: прадаць, утапіць сябе, цябе, нас усіх у няволю ім на векі вечныя — запрасіцца ў вечнае рабства, з якога выхаду ніколі не знойдзем ні мы, ні тыя, што пасля нас рабства ў спадчыну атрымаюць». Прымірыцца з панічом для Сымона — гэта здрада, адступніцтва. Становіцца зразумелым, чаму герой так строга асуджае Зосю, якая свядома пайшла на сувязь з панічом і аддала сябе на «загубу, на глум вечны».
Шлях да актыўнай і дзейснай барацьбы Сымон адшукаў не адразу. Пераканаўшыся ў марнасці намаганняў сваімі сіламі дабіцца справядлівасці, Сымон пачынае задумвацца над сэнсам бацькавых слоў, што «трэба розумам ваяваць, а не тапаром». Пад уплывам перажытага (смерці бацькі, страты зямлі і хаты, ганьбы Зоські), а таксама агітацыі Незнаёмага погляды галоўнага героя драмы на шляхі вызвалення з няволі мяняюцца: «I я розумам буду ваяваць і другіх вучыць да гэтае вайны. Годзе крыўды, годзе няпраўды!» Разам з Незнаёмым ён ідзе «на вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!» На гэтым сходзе, па словах Незнаёмага, будзе вырашацца пытанне аб тым, як выгнаць з роднай зямлі страшнага смока-упыра, як далей змагацца за поўнае вызваленне.
Такім чынам, на прыкладзе Сымона Я. Купала паказаў працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускіх сялян, пошукі імі шляхоў да вызвалення. Адшукаць страчаную бацькаўшчыну, вырвацца з-пад прыгнёту і ўціску, здабыць зямлю і волю можна толькі шляхам барацьбы, змагання — такая асноўная думка твора.
Дыскусіі
2 года 39 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 38 недель назад
3 года 38 недель назад
3 года 48 недель назад
4 года 38 недель назад
4 года 39 недель назад
4 года 40 недель назад
5 лет 28 недель назад
5 лет 31 неделя назад