Водгук на камедыю Янкі Купалы "Паўлінка". Вобразы Паўлінкі і пана Быкоўскага
Паўлінка і пан Быкоўскі з'яўляюцца цэнтральнымі вобразамі камедыі "Паўлінка". Увесь сюжэт п'есы будуецца на супрацьпастаўленні і супрацьстаянні гэтых двух герояў. Такі прыём дазволіў аўтару стварыць не толькі каларытныя і запамінальныя вобразы, але і цудоўную, адметную беларускую камедыю.
Паўлінка з'яўляецца ўжо ў першым акце п'есы, і ўсе далейшыя падзеі прама або ўскосна звязаны з ёю. Хаця, зрэшты, яна і ёсць тая прычына, з-за якой пачынаецца ўвесь сыр-бор. Паўлінка — маладая, прыгожая і прывабная сялянская дзяўчына. У потайкі ад бацькі яна сустракаецца са сваім каханым сялянскім хлопцам Якімам, якога яе бацька ненавідзіць за "палітыку". Для далейшага развіцця п'есы Я. Купала выкарыстоўвае даволі распаўсюджаны літаратурны сюжэт: больш заможны і "радавіты" шляхцюк сватаецца да дзяўчыны, увесь пасаг якой — яе дзявочая прыгажосць, а таму купіць гэты тавар, на яго думку, вельмі лёгка. Звычайна, здавалася б, сюжэт аб ня-роўным шлюбе аўтар уздымае да ўзроўню нацыянальнай праблемы. За знешняй згодай Паўлінкі з воляю бацькі, які знайшоў жаніха на кірмашы (даволі сімвалічны момант), прыхаваны пратэст дзяўчыны.
Быкоўскі з'яўляецца ў творы толькі ў другой дзеі, на вечарынцы ў Крыніцкіх, хаця задоўга да з'яўлення героя п'есы глядач ужо і падрыхтаваны да адпаведнага яго ўспрыняцця (са слоў Паўлінкі і яе бацькі). Быкоўскі сватаецца да дзяўчыны. Ён са скуры вылузваецца дзеля таго, каб прадэманстраваць перад гасцямі і Паўлінкай сваю "вышэйшасць" і "разумнейшасць". Дзеля гэтага Быкоўскі адкрыта пагарджае ўсім "мужыцкім", асабліва беларускімі песнямі і танцамі. Яму здаецца, што дзяўчына, убачыўшы разумнага, кемлівага і багатага пана, адразу дасць сваю згоду на шлюб. Зрэшты, гэта яго не надта хвалявала, бо бацька Паўлінкі Сцяпан Крыніцкі ўжо загадзя з "зяцем" аб усім дамовіўся. Поўны гонару і фанабэрыстасці, упэўнены ў сабе, не разумеючы камічных сітуацый, у якіх ён аказваецца, паўстае перад намі пан Адольф. Аднак усё гэта падкрэслівае ягоную дурасць і недальнабачнасць. Таму Быкоўскі дасягае сваімі паводзінамі адваротнага выніку: усе героі, за выключэннем Сцяпана Крыніцкага, адкрыта кпяць з яго. Аднак пан Быкоўскі не звяртае на гэта ўвагі і яшчэ з большай сілай спрабуе падкрэсліць сваю "панскасць", ад чаго становіцца яшчэ больш нізкім, нікчэмным, мізэрным. У выніку нават сам Крыніцкі, які хацеў бачыць у ім свайго зяця, з ганьбаю выганяе пана са сваёй хаты.
Паўлінка, пан Быкоўскі — гэта своеасаблівая пара супрацьлеглых герояў, з дапамогай якой аўтар выяўляе два розных падыходы да адвечнага беларускага пытання — пытання "мужыцкасці" і "панскасці, шляхетнасці". Сватанне Быкоўскага выклікае ў Паўлінкі спачатку іронію і смех, а потым, калі ўсім стала зразумела, што за шляхетнасцю і ганарыстасцю пана нічога больш няма, — пагарду. Паўлінка разумее, што не так лёгка перамагчы бацькаву волю, калі ісці напралом. Таму яна скарыстоўвае іншы шлях: спачатку паказвае ўсім, хто такі на самой справе пан Быкоўскі, а потым сама выбірае свой лёс.
Сапраўды, колькі смеху выклікаюць у чытача тыя сцэны, дзе пан Быкоўскі вучыць Паўлінку "панскім" танцам, або дзе пана памылкова прымаюць за выкрадальніка Паўлінкі. У Я. Купалы гэта зусім не смех дзеля смеху. Вобразам Паўлінкі аўтар сцвярджае высокую чалавечую годнасць простых людзей; сцвярджае, што шляхетнасць — гэта стан душы чалавека, які не атрымаеш у спадчыну разам з родавым маёнткам.
П'еса, напісаная на пачатку XX ст., ужо мела сваіх папярэднікаў. "Быкоўскія" свайго часу востра крытыкаваліся ў "Пінскай шляхце" В. Дуніна-Марцінкевіча, "Модным шляхцюку" К. Каганца. Я. Купала ў вобразе Быкоўскага змог настолькі ўдала акумуляваць і сінтэзаваць адмоўныя рысы літаратурных герояў ранейшых твораў, што вобраз Адольфа Быкоўскага стаў сімвалічным, а яго прозвішча і імя ператварылася з уласнага ў агульнае, назыўное.
Дыскусіі
2 года 38 недель назад
3 года 31 неделя назад
3 года 37 недель назад
3 года 37 недель назад
3 года 48 недель назад
4 года 38 недель назад
4 года 39 недель назад
4 года 39 недель назад
5 лет 27 недель назад
5 лет 30 недель назад