Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Водгук на ўрывак У. Караткевіча "Літва. Белая Русь"

Июл/10

02

Сярэдняя: 5 (1 голас)
Ціха... Страшна... Сумна... Боль... Вось такія пачуцці напоўнілі маю душу, калі я пачала праглядаць радочак за радочкам, учытвацца ў кожнае слова, ва ўсё тое, што хацеў данесці да нас, чытачоў, У.Караткевіч. Зараз я яшчэ раз успомніла цяжкі шлях развіцця нашай беларускай мовы, шлях да стварэння адзінай дзяржавы, шматпакутную гісторыю роднага краю. У роспачы хочацца крыкнуць: «Божа! За што ты пакараў нашу зямлю? Чаму вайна?» Але пакараў нас Бог яшчэ і бяспамяцтвам, з-за якога зноў і зноў узнікалі страшныя войны, рухаліся водблескі наступных няўдач. Літва... Белая Русь... Якія цудоўныя родныя словы! Яны вабяць сваёй прыгажосцю, ад іх вее нечым асабістым, прыгожым і светлым, а адчуць гэта можна тады ,калі сапраўды зможаш уявіць сабе водар хваёвых лясоў, тую сілу, якую табе могуць дань Дняпро і Нёман, Дзвіна і Прыпяць, а адабраць усё гэта можна толькі разам з жыццём. Дык вось толькі паглядзіце! Насоўвалася бяда... Ужо з першых слоў у мяне ўзнікае нейкая перасцярога. Бяда — гэта значыць боль, вайна. Толькі заўважце, нездарма гэтыя літары, літары болю і жудасці стаяць разам. Яны далі пачатак такім словам, якія прыносяць людзям толькі пакуты, толькі смутак і ахвяры тады, калі яны сапраўды адчуюць, што гэта такое. Хіба ж гэта не парадокс? Вы, менавіта, скажаце, што не. I я згодна з вамі. Які можа быць парадак, калі У.Караткевіч узнімае пытанне міжусобных войнаў, войнаў паміж народамі, пытанне, якое актуальна ўспрымаецца і ў наш цяперашні час, калі кожнага хвалюе наступнае: «Хаця б толькі не было вайны! Каму яна патрэбна?» Але ж быў час, было страшнае кровапраліцце, жудасць і боль, калі людзі змагаліся, ахвяравалі сваім жыццём і не ведалі, мабыць, за што. Так было і ў гісторыі, але вы ж паглядзіце, як вайна, другая, трэцяя, вярнулася да нас бумерангам, знішчыла шмат пабудоў, сцерла з твару зямлі столькі чалавечых душ, але мова, спапялёная і разрабаваная, закладзеная некалі, засталася жыць, засталася працвітаць, а беларуская зямля працягвала нараджаць сваіх сыноў і дачок. Нягледзячы на тое, што з аднаго боку былі крыжакі, а з другога насоўвалася татара-мангольская навала, усё ж такі літоўскія і беларускія землі аб'ядналіся, бо без яднання заставалася толькі «знікнуць, згінуць, не пакінуўшы нават імя на твары зямным». Дык вось, на мой погляд, У.Караткевіч і пісаў аб тым, што толькі яднанымі сіламі можна атрымаць сапраўдны поспех, адчуць моц, якая адыходзіць ад роднай зямлі, напаўняе душу і сэрца прыемнай асалодай, ад якой хочацца жыць. Ды і не толькі жыць, нават спяваць, нараджаць дзетак, ісці заўсёды толькі ўперад, не азіраючыся назад. Пісьменнік як быццам бы адпраўляе нам, нашчадкам, нейкае пасланне, толькі ў больш спрошчанай форме, чым некалі пісаў К.Каліноўскі, каб мы захоўвалі сваю самабытнасць, скрануліся з мёртвай кропкі, адчулі сваю ўладу, праўду, талерантнасць, каб даказаць, што ўсё атрымаецца (не толькі ваенныя дзеянні), калі людзі павернуцца адзін да аднаго, калі аб'яднаюцца, то ўсё будзе інакш. Падумаць толькі! Колькі выпрабаванняў выпала на шлях развіцця нашай беларускай мовы! I Вялікае княства Літоўскае, калі яна лічылася дзяржаўнай, і Рэч Паспалітая, калі нашу мову зневажалі, лічылі, што мы «прыплёт» да Русі. Але цяпер, калі наша дзяржава самастойная, чаму людзі працягваюць саромецца роднай мовы, слова? Бо яно «мужыцкае»? Мне нават сорамна, а вочы затуманьваюцца слязьмі, калі я чую гэткія словы. Мне здаецца, што гэта сапраўды праклён за дзесяцігоддзі здзекаў і акіян хлусні, якія выпалі на долю Беларусі. I толькі дзякуючы баявому саюзу, федэрацыі розных народаў пачала прабліскваць думка аб заўтрашнім дні, аб тым, што будзе далей. Некаторыя, магчыма, маюць свой пункт гледжання і лічаць, як тая Скарлет: «Не буду думаць сёння аб заўтрашнім дні». Не мне разважаць, так яно ці не, але ўсё ж такі я лічу, што жыць адным днём немагчыма. Я згодна, што ёсць хвіліны забыцця, апатыі, але гэта жыццё, гэта такі шлях, які ніхто не выбірае, яно даецца чалавеку толькі аднойчы, трэба захоўваць яго, берагчы не толькі для сябе, а для будучыні. Дык вось, мне здаецца, што У.Караткевіч сваім урыўкам і даносіць нам гэтыя думкі, думкі аб тым, што вайна заўсёды пануе сярод людзей. Гэта і міжусобныя войны, і войны за хлеб, без якога мы не можам жыць, а значыць вайна і за жыццё. Усё гэта вельмі цесна пераплятаецца паміж сабой, гэтыя нюансы заўсёды існавалі і будуць існаваць, але, падумаўшы, мы разумеем, што разам і горы звярнуць можна. I я паважаю У.Караткевіча за тое, што ён уздымае гэтую праблему, даносіць да нас яе існасць, сэнс чалавечага жыцця, і таму я хачу сказаць гэтаму чалавеку з вялікай літары: «Дзякуй! Вам я і да самай зямлі пакланюся!»New Balance