Аналіз беларуска-літоўскага летапісання
У старажытнасці, да ўзнікнення кнігадрукавання, нашы продкі ўсе найбольш значныя падзеі свайго часу занатоўвалі ў форме летапісаў. Летапісы ўяўлялі сабою пагадовыя запісы аб самых важных падзеях грамадскага, палітычнага, культурнага і эканамічнага жыцця краіны. Вельмі часта ў межах летапісаў змяшчаліся апавяданні, якія ў структурна-кампазіцыйным плане можна было б вылучыць у самастойныя творы. Гэта вынікае з таго, што летапісы мелі сінкрэтычны характар: яны ўтрымлівалі (з пазіцый сённяшняга літаратуразнаўства) апавяданні, аповесці, легенды, прытчы і міфы. Праца летапісца патрабавала вялікай вытрымкі і адукацыі: на перапісванне адной кнігі часам патрабавалася некалькі год. Вось як хораша піша пра гэта М. Багдановіч у вершы "Летапісец":
Душой стаміўшыся ў жыццёвых цяжкіх бурах,
Свой век канчае ён у манастырскіх мурах.
Тут ціша, тут спакой, — ні шуму, ні клапот.
Ён пільна летапіс чацвёрты піша год
і спісвае ўсё ад слова і да слова
3 даўнейшых граматак пра долю Магілёва.
У межах Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г. выдзяляюцца самастойныя "Пахвала вялікаму князю Вітаўту" і "Аповесць пра Падолле". У апошнім творы абгрунтоўваецца ідэя аб'яднання ўсходніх славян у адну дзяржаву - Вялікае княства Літоўскае. Летапіс пачынаецца са звестак аб паходжанні вялікіх князёў. Згодна яму, на беларуска-літоўскіх землях князі з'явіліся пасля таго, як рымскі імператар Нерон выразаў у Рыме шмат патрыцыянскіх сем'яў. Такое тлумачэнне неабходна было для абгрунтавання высокага сацыяльнага паходжання князёў, а таксама для пацверджання таго тэзісу, што, у адрозненне ад маскоўскіх, літоўскія князі мелі рымскія карані. Сярод беларускіх летапісаў у першую чаргу патрэбна вылучыць Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., "Летапісец Вялікіх князёў Літоўскіх" і Хроніку Быхаўца. Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., які першапачаткова ўзнік у Смаленску, храналагічна ахоплівае час ад сярэдзіны іX да сярэдзіны XV стагоддзя. Шмат увагі ў ім надаецца апісанню гераічнага змагання ўсходнеславянскіх плямёнаў з іншаземнымі заваёўнікамі, а таксама вобразу князя Вітаўта. "Летапісец Вялікіх князёў Літоўскіх" апавядае аб жыцці, подзвігах і дзяржаўных справах вялікіх князёў ад Міндоўга да Вітаўта. Найбольш пранікнёнымі з'яўляюцца радкі, прысвечаныя князю Вітаўту, апісанню росквіту беларуска-літоўскай дзяржавы ў часы ягонага княжання. "Летапісец" лічыць Вітаўта найвыдатнейшым і найслаўнейшым дзяржаўным дзеячам за ўсю гісторыю Вялікага княства Літоўскага:
і быў князь вялікі Вітаўт моцным гаспадаром,
і слава аб ім ішла па ўсіх землях,
і мноства князёў і цароў служылі пры ягоным двары.
У гэты ж летапіс уваходзіць і апавяданне аб падзеях, якія адбываліся ў Вялікім княстве напярэдадні і пасля заключэння Крэўскай уніі 1385 г.: прыгодніцкая гісторыя аб уцёках Вітаўта ў землі Тэўтонскага ордэна пасля гвалтоўнай смерці Кейстута, шлюб Ягайлы з польскай каралеўнай Ядвігай, аб змаганні Вітаўта супраць Ягайлы пасля таго, як той прызначыў сваім намеснікам не яго, а Свідрыгайлу. Тут жа змешчана і апавяданне пра знакамітую Грунвальдскую бітву 1410 года. У адрозненне ад вышэйзгаданых летапісаў у Хроніцы Быхаўца гісторыя дзяржавы выкладзена найбольш поўна. Пачынаецца Хроніка апісаннем уцёкаў 500 знатных рымскіх сем'яў у Літву ад гневу Нерона, а заканчваецца апавяданнем аб разгроме татарскіх войскаў пад Клецкам у 1506 годзе. Акрамя пісьмовых крыніц аўтар карыстаўся і вуснымі паведамленнямі сваіх сучаснікаў. Аўтар імкнецца ўзвялічыць гісторыю Бацькаўшчыны, паказаць найбольш светлыя моманты яе слаўнай мінуўшчыны. Летапісы, як вядома, нельга аднесці да літаратуры ў сучасным яе разуменні. Але яны спрыялі ўзнікненню і развіццю ў беларускай літаратуры такіх жанраў, як апавяданне, аповесць і раман. Акрамя таго, у іх у сціслай і займальнай форме адлюстравана гісторыя беларускага і літоўскага народаў перыяду іх сумеснага жыцця. Таму летапісы - гэта не толькі каштоўныя літаратурныя помнікі, але і неацэнныя крыніцы пазнання шматвяковай гісторыі нашай Айчыны, асэнсавання яе ролі і значэння ў гісторыі еўрапейскіх народаў.
Дыскусіі
2 года 33 недели назад
3 года 26 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 32 недели назад
3 года 42 недели назад
4 года 32 недели назад
4 года 33 недели назад
4 года 34 недели назад
5 лет 22 недели назад
5 лет 25 недель назад