Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Аналіз творчасці Уладзіміра Дубоўкі. "О Беларусь, мая шыпшына"

Ноя/10

04

Сярэдняя: 4 (18 галасоў)

Жыццё закон нязломны мае:
ніколі праўда не ўмірае.
У. Дубоўка
Творчы лёс аднаго з арганізатараў "Маладняка", актыўнага ўдзельніка "Узвышша" Уладзіміра Дубоўкі трагічны: амаль 28 гадоў ён знаходзіўся ў высылцы на Далёкім Усходзе і ў Сібіры. Нягледзячы на гэта, творы паэта сагрэты цеплынёй і пяшчотай, захапленнем роднай старонкай, хараством яе прыроды. Пачаткам творчай дзейнасці "вялікага пакутніка" лічыцца 1921 год, калі быў надрукаваны яго верш "Сонца Беларусі". Затым выйшлі зборнікі "Строма" (1923), "Трысцё" (1925), "Credo" (1926), "Наля" (1927). Рамантычнаму пафасу, рэвалюцыйнай ідэйнасці, узнёсласці твораў, характэрных для маладнякоўскага перыяду, папярэднічалі матывы безнадзейнасці, трывожнага роздуму над сучаснасцю і будучыняй роднай зямлі. Падзеям пачатку 20-х гг., калі не зусім акрэсленым уяўлялася будучае жьіццё, прысвечаны верш "Імжа, і склізота, і прыкрая золь". У ім пераважаюць змрочныя, чорныя фарбы:
Імжа, і склізота, і прыкрая золь
за скрогатам ветру — навалай.
У чмарнасць убралася светава столь,
блакіт ад зямлі адарвала.
Журба расплялася кудлатай лазой,
у сэрцы цярушыцца шэрань.
А вецер шпурляе, як морскі прыбой,
пясок і журбу аб каменне.
І толькі апошнія радкі даюць надзею на выратаванне з гэтай варожасці, імжы, журбы: "а ўпартасць да мэты вядзе і вядзе, пра шчасце і радасць варожыць..." Верай у нязломнасць народнага духу, упэўненасцю ў перамозе над усім варожым прасякнуты класічны верш У. Дубоўкі "О Беларусь, мая шыпшына...". Ён пабудаваны на проціпастаўленнях, кантрастах. З аднаго боку, у ім прысутнічаюць рэвалюцыйна-рамантычныя вобразы, традыцыйныя для літаратуры 20-х гг” (праменне яснае, радасць, Камуна Свету), а з другога — песімістычныя, змрочныя фарбы (вецер дзікі, варожасць шляху, перашкоды). Тут, быццам, і жахліва-цяжкае прадказанне Чарнобыля, і вера ў паратунак. Аднак, нягледзячы на кантрастнасць вобразаў і фарбаў, верш гучыць аптымістычна:
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.
Філасофская паглыбленасць, зварот да агульначалавечых праблем уласцівы вершу "Ніколі праўда не ўмірае". У алегарычнай форме ў ім сцвярджаецца неўміручасць праўды жыцця: Жыццё закон нязломны мае:
Ніколі праўда не ўмірае.
Адно хоць зернетка малое
ды застанецца пра былое.
Ні на пяску, ні на каменні
ушчэнт не выпетрае зерне:
узыдзе, ўсходы будуць з плёнам,
з адзінак вырастуць мільёны...
Талент У. Дубоўкі асабліва выявіўся ў жанры паэмы ("Там, дзе кіпарысы", "Кругі", "Крычаўская спакуса", "Браніслава", "і пурпуровых ветразей узвівы", "Штурмуйце будучыні аванпосты!"). Большасць з гэтых твораў вызначаецца складанай кампазіцыяй, арганічным спалучэннем літаратурнага тэксту і скарбаў вуснай народнай творчасці (казак, легенд, паданняў, прытчаў, песень). Народная творчасць, на думку аўтара, ніколі не можа страціць сваёй пазнавальнай, філасофскай і эстэтычнай вартасці. Яе нельга выкрэсліць з мастацкай літаратуры:
Цудоўны скарб у творчасці народнай
для нас сабраны мудрымі дзядамі.
Яго адкінуць — значыць без пашаны
паставіцца да продкаў працавітых.
Паэма "Крычаўская спакуса" ўзнаўляе гераічную старонку барацьбы жыхароў Крычава з панскімі ваякамі. І хаця паўстанне было жорстка падаўлена, яно расказала свету аб мужных і смелых крывічах, для якіх лепш "загінуць за шчасце аднойчы, чым да магілы пакутаваць з горам". Паэма "і пурпуровых ветразей узвівы" напісана ў форме дыялога Лірыка і Матэматыка, які характэрызуецца вострай напружанасцю, непрымірымасцю пазіцый. Псеўданаватарскі падыход да развіцця літаратуры, фальшывая паэтычнасць, упэўненасць у неабходнасці ўсеагульнай машынізацыі выклікаюць адмоўную рэакцыю да Матэматыка. Для Матэматыка народная паэзія — нікому не патрэбная рэч і пра яе трэба забыцца:
У нашы дні руін і будаўніцтва,
і дыктатуры пралетарыяту
патрэбны нам паэты-змагары, —
неліквідатары, не смутнагляды...
Павінны мы тварыць на грунце новым
сучаснае мастацтва для працоўных.
Духоўную перавагу аўтар аддаё Лірыку і яго глыбокаму жыццёваму розуму, цвярозаму стаўленню да з'яў рэчаіснасці, праўдзе, мудрасці. Ён лічыць, што літаратура павінна развівацца на аснове спадчынных традыцый і народнай творчасці. У паэме "Штурмуйце будучыні аванпосты!" (напісана ў 1929 г., апублікавана ў 1965 г.) У. Дубоўка выказвае свае погляды адносна калектывізацыі, адкрыта пратэстуючы супраць гвалтоўнага аб'яднання сялянскіх гаспадарак. У першым нумары часопіса "Беларуская культура" за 1927 год быў надрукаваны верш У. Дубоўкі "За ўсе краі, за ўсе народы свету..." (другая назва — "На ўшанаванне новага падзелу беларускай зямлі"). У ім востра крытыкавалася акупанцкая палітыка бальшавікоў, адлюстроўваліся праўдзівыя настроі і думкі беларускага народа. Гэта з'явілася асноўнай прычынай арышту і ссылкі ў. Дубоўкі. Пасля вяртання з ссылкі ў. Дубоўка напісаў шматгранную поліфанічную кнігу вершаў і паэм "Палеская рапсодыя", вершаваныя казкі для дзяцей "Цудоўная знаходка", "Залатыя зярняты", "Кветкі — сонцавы дзеткі", апавяданні-ўспаміны "Пялёсткі", шэраг крытычных артыкулаў. Безумоўна, гэта з'яўляецца толькі невялікай часткай вялікага таленту шматпакутнага цярплівага паэта, які, спазнаўшы на ўласным вопыце ўсе жахі таталітарнай сістэмы, змог выжыць, выстаяць, перамагчы.