СЯРОД ЗМРОЧНЫХ ПАЭТАЎ…
Ірына Хадарэнка (сапраўднае прозвішча Шумская) нарадзілася ў Менску 19 чэрвеня 1976 г., вучылася ў музычнай школе, затым атрымала эканамічную адукацыю і працягнула навучанне ў аспірантуры пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. У 1994 г. І Хадарэнка наведвала заняткі па творчым пісьме пры БДУ, а ў 2002 г. атрымала ступень кандыдата навук у галіне культуралогіі. Шмат гадоў працуе журналістам, на цяперашні час у яе выйшла дзве кнігі: зборнік вершаў “Чорная ружа” (1998) і кніга паэзіі і прозы “Танцы на шкле” (1999). Гэткія змрочныя тэмы, як атрута і смерць, адыгрываюць вельмі значную ролю ў ейнай разнастайнай паэзіі, напісанай моцным, традыцыйным стылем, часам з русіфікаваным сінтаксісам, і багатай на арыгінальныя вобразы.
Кароткі верш без назвы “Я – актрыса ў тэатры абсурду…” вельмі паказальны адчуваннем смутку, што пераважае ў паэзіі І. Хадарэнка. Згадка пра адсутнасць свабоды, што таксама сустракаецца ў шэрагу іншых вершаў, выглядае тут у роўнай ступені як асабістай, гэтак і палітычнай трагедыяй:
Я – актрыса ў тэатры абсурду,
У мяне недарэчныя ролі.
Іх выконваць да скону я буду,
Незалежна ад думак і волі.
Тут пануюць нямыя законы
І вышэйшая сіла ўладарыць.
З нараджэння да самага скону
Аб свабодзе не варта мне марыць.
Тое ж адчуванне суму і горычы адлюстраванае ў шматлікіх іншых вершах, як, напрыклад, “Яшчэ адзін глыток начной атруты…” ці “Чорная ружа”. Вось яго апошняя страфа:
…Сарвалі ружу чорную аднойчы.
Яна завяла, высахла паволі,
Ды толькі засталіся сум і горыч
Сярод людзей. Не знішчыць іх ніколі.
У першай страфе верша “Я адна сяджу ў цішы…” мы чытаем, што пачуццё самоты пагражае разгубленасцю і вар’яцтвам:
Я адна сяджу ў цішы.
Што са мной – не разумею.
Я, напэўна, вар’яцею
Ад самотнасці ў душы.
У вершы “Не люблю за тое раніцу…”, поўным далікатных паўтораў (мянушка І. Хадарэнка - Шаманка), нават раніца, якую шмат хто ўспрымае як час новых надзей і крыніцу энэргіі, не захінае ад смутку:
Не люблю за тое раніцу,
Што яна знішчае ноч,
Ноч, якая не вяртаецца.
Не люблю за тое раніцу,
Што яна канчае сон,
Сон, які не паўтараецца.
Не люблю за тое раніцу,
Што яна вяртае сум,
Сум, які не забываецца.
Зборнік “Чорная ружа” складаецца з пяці частак. Другая з іх мае загаловак “Ветразь кахання”, але нават каханне выяўляецца як нешта бясплённае, бо яно, як мы чытаем у “Песні менестрэляў”, гэтак хутка і пакутліва памірае. І. Хадарэнка, здаецца, мяркуе, што да смерці ўвогуле трэба падыходзіць радасна, а не з журбой. Гэтую ідэю яна прапаноўвае ў незвычайным элегічным вершы “Заснуць ад водару магнолій…”:
Заснуць ад водару магнолій
На фоне квецені садоў
І больш не аднавіць ніколі
Стракатасць маладых гадоў.
Не смерці прагнучы, а волі,
Вярнуць сабе апошні доўг,
Каб не з тугой, а з весялосцю
Пайсці ў нябыт па хісткім мосце.
У апошняй страфе верша, якім сканчаецца зборнік “Чорная ружа”, - трэцяй частцы трыпціха пад назвай “Сузіранне” – паэтка нават ставіцца да смерці з лёгкім гумарам. У гэтым творы выказваецца думка, што інтэлектуальнае здумленне, як і музыка, напрыклад, у вершы “Суседу-гітарысту” з верхняга паверха, - добры спосаб аблегчыць жыццё ці ўнікнуць жорсткай рэчаіснасці:
Не спяшайся скакаць праз масток,
Што схаваўся за тым небакраем.
Пі працягла апошні глыток…
Ну, а Вечнасць? Яна пачакае.
Усё, што мае паэтка, апроч інтэлекту, - гэта душу, як яна піша ў добры адносна аптымістычным вершы “Ах, сколькі незвычайных скарбаў…”. У ім яна таксама выказвае спадзеў, што душа дасць ёй незалежнасць і волю:
Ах, колькі незвычайных скарбаў
Захоўвае душа мая!
Палітра колераў і фарбаў,
Але мастак адзіны – я.
І я нікому не дазволю
Яе нахабна апляваць,
Бо мець душа павінна волю
І незалежна існаваць.
Няхай ні чорта, ані Бога
Душа мая не прызнае,
Але ў жыцці амаль нічога
Няма ў мяне, апроч яе.
Пра душу паэткі зноў гаворыцца ў вершы “Я стану тою зоркаю…”, дзе яна з роспаччу піша пра тое, як прагне свабоды, а ў апошняй страфе – пра тое, што яна ўмее прыстасоўвацца, змяняцца ў адпаведнасці з жыццёвымі патрэбамі:
Я маю здольнасць гэткую:
Змяняць сваё аблічча.
Адкрытая й таемная
Душа кагосьці кліча.
У вершы “Калі б вядомы Херсанэс…” антычны свет увасабляе магчымае вызваленне, нават нстрымнасць жаданняў. Там паэтка магла б неўтаймаванай гетэрай жыць адным момантам, не ведаючы абмежаванняў і шкадаванняў. Яна б не задумваючыся змяніла сучаснасць на свет старажытнай Грэцыі, але ён мусіць заставацца толькі марай:
Калі б вядомы Херсанэс
Альбо славутыя Афіны
Зноў узнялі свае руіны
І свет антычнасці ўваскрэс,
Калі б патрапіць мне туды
Ў сваім цяперашнім узросце,
То без аглядкі на кагосьці
Я пражыла б свае гады.
Я стала б жрыцаю любві,
Неўтаймаванаю гетэрай.
І быў бы мой дэвіз: “Жыві,
Ні ў чым не ведаючы меры!”
У трэцяй частцы зборніку “Чорная ружа”, якая завецца “Беларускія матывы”, таксама ёсць неккалькі вершаў, прасякнутых болем. “Вялікадзяржаўнікам” – гэта магутнае абвінавачванне І. Хадарэнка “патрыётам”, якія спрабуюць знішчыць беларускую гісторыю і пагарджаюць мовай. Паэтка не можа больш маўчаць пра ярмо, пад якім пакутуе беларускі народ. У вершы “Мова – быццам кветка тая…” яна піша, як людзі выказваюць зласлівую непрыязнасць, змяшаную з зайздрасцю, да цудоўнай беларускай мовы, з якой здзекуюцца ды кпяць. Туга ў больш шырокім сэнсе, над доляй Беларусі, адлюстраваная ў яшчэ адным вершы з “Беларускіх матываў” – “О святая зямля Беларусі”:
О святая зямля Беларусі!..
Не магу я глядзець без болю,
Як у цяжкіх пакутах і скрусе
Ты спрабуеш здабыць сабе волю.
Быццам чорны рэліктавы бусел,
Ты сваю адзначаеш долю.
Хто ж выконваць цябе прымусіў
Недарэчную гэтую ролю?..
Апошні ўзор паэзіі І. Хадарэнка, пераважна, але не абсалютна змрочнай, - пра ейную спакутаваную свядомасць і імкненне складаць вершы, праз якія яе б памяталі, - “Што ў нашых словах? Цень ад пустэчы…” з другой кнігі, “Танцы на шкле”:
Што ў нашых словах? Цень ад пустэчы.
Што ў адчуваннях? Смутак галечы.
Каго пытаем? Сваю свядомасць.
Куды мы крочым? У невядомасць.
Паэзія Ірыны Хадарэнка, хоць і змрочная, але мае адметную моц, якая прыцягне і, мабыць, утрымае ўвагу шматлікіх чытачоў.
Дыскусіі
2 года 33 недели назад
3 года 26 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 32 недели назад
3 года 42 недели назад
4 года 32 недели назад
4 года 33 недели назад
4 года 34 недели назад
5 лет 22 недели назад
5 лет 25 недель назад