Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Водгук на паэмы Янкі Купалы

Июл/10

09

Сярэдняя: 4 (10 галасоў)

Паэтычны талент Я. Купалы даволі поўна выявіўся ў рамантычных паэмах «Курган», «Магіла льва», «Бандароўна», «Яна і я», драматычных паэмах «Адвечная песня», «Сон на кургане». У сімвалічных вобразах і карцінах паэт стварыў шырокае палатно жыцця беларускага сялянства, паказаў арганічнасць выспявання ў ім вызваленчай ідэі.

У паэме «Курган» (1910) ярка абмаляваны паядынак сівога гусляра з усемагутным князем. Каб пацешыць вяльможных гасцей на вяселлі сваёй дачкі, князь запрасіў вядомага на ўсю ваколіцу гусляра і паставіў перад ім умову:

Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям —
Поўны гуслі насыплю дукатаў;
Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам —
Канапляную возьмеш заплату.

Гусляр адмаўляецца іграць песню-пацеху для жорсткага і дэспатычнага магната. «Гуслям, княжа, не пішуць законаў: небу справу здае сэрца, думка мая сонцу, зорам, арлам толькі роўна», — такі адказ музыкі. I замест услаўлення князя ён выконвае праўдзівую песню-праклён, якая расказала пра бясчынствы магната, пра бязмерныя пакуты людзей, іх гнеў і абурэнне супраць прыгнятальнікаў, пра непазбежнасць расплаты. За гэта гусляр быў закапаны жывым. Але назаўсёды засталася ў народзе яго свабодная, непадкупная і праўдзівая песня.

«Адвечная песня» — гэта першы драматычны твор Я. Купалы, напісаны вершам. У структурным плане ён складаецца з 12 раздзелаў-праяў, якія даволі поўна раскрываюць жыццё чалавека ад нараджэння да смерці. На хрэсьбіны сялянскага сына злятаюцца цені Жыцця, Долі, Бяды, Холаду і Голаду, якія даюць хлопчыку імя Мужык. Цень Жыцця прарочыць нованароджанаму, што ён стане царом прыроды: «ён будзе ўсіх чыста дужэй, ён будзе ўсіх чыста мудрэй». На самай жа справе лёс чалавека склаўся інакш. Мужык становіцца пакутнікам, ахвярай варожых сацыяльных сіл, якія зрабілі яго гаротным, цёмным і бяспраўным. У апошняй сцэне над магілай узнімаецца цень Мужыка, якому хочацца даведацца аб падзеях, што адбыліся пасля яго смерці. Але яго зноў чакае расчараванне: няма «сцежкі к прасвету», усё «чахне без сіл». У такой сітуацыі для Мужыка лепш быць у магіле, чым жыць. I таму ён усклікае: «Раскрыйся нанова магіла: страш ней цябе людзі і свет».

Галоўным героем паэмы «Сон на кургане» (1910) з'яўляецца Сам — бунтар-адзіночка, які хоча змяніць, перайначыць жыццё. Згубіўшы ў лесе дарогу, ён пры лёг на кургане. Вакол яго сабраліся русалкі і ў фантастычна-казачным плане паказалі «казку долі» яго. Гэта казка — страшны сон, сімвал безвыходнасці, бездапаможнасці ў барацьбе. Дарэмнымі аказаліся яго імкненні знайсці ў руінах старога замка скарбы. Вакол Сама — змрочныя варожыя сілы (увасабленне рэакцыі), ахвярай якіх ён становіцца. Дзеянне ў паэме паступова пераходзіць у рэальнае жыццё. Сам накіроўваецца ў родную вёску, дзе здараецца пажар. Яго абвінавачваюць у падпале; па сведчанні аднавяскоўцаў, Сам быццам бы бег са смолкай, саломай і сякерай з мэтай падпаліць воласць. Безумоўна, пажар — алегарычны вобраз рэвалюцыі 1905 г. Далейшае жыццё Сама яшчэ больш трагічнае: за рэвалюцыйную дзейнасць ён трапляе ў турму і ў Сібір, памірае яго жонка, а сын, здрадзіўшы бацькоўскаму запавету, перакідваецца ў варожы стан. На прыкладзе Сама Я. Купала хацеў паказаць не толькі асабістую драму рэвалюцыянера-адраджэнца, але і цяжкі, пакутлівы шлях беларускага народа да свайго самавызначэння, да найвялікшага скарбу — свабоды і незалежнасці.

У 1924 г. Я. Купала напісаў паэму «Безназоўнае». У ёй паэт адгукнуўся на падзеі, што адбываліся на Беларусі ў 20-я гг., у прыватнасці, на ўваходжанне ў склад рэспублікі тэрыторый Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. У паэме 10 раздзелаў, аб'яднаных вобразам Беларусі і ўслаўленнем яе дзяржаўнасці. Я. Купала як бы назірае за працэсам адраджэння рэспублікі, набываннем яго шырыні і размаху. Спачатку яно (адраджэнне) ішло «вельмі нясмела», прабіваючыся ў вокны хат «ціха, як сонца». Потым набрала сілы і зашумела, «па пушчах пайшло бураломам», паўстала «навалай». Нацыянальнае адраджэнне паэт параўноўвае з абрадамі заручын і вяселля, дзе сабраліся жаданыя госці. Каранаваная нявеста, сімвалізуючая Беларусь, заняла свой пачэсны пасад на куце. Яна — гаспадыня ў сваёй хаце — смела глядзіць на прысутных, у руках трымае чарку мёду (сведчанне дабрабыту), суседзі па-добраму ёй зайздросцяць.