Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Водгук на вершаваную аповесць Францішка Багушэвіча "Кепска будзе!"

Июл/10

08

Яшчэ не ацэнена

Ф. Багушэвічу было добра вядома цяжкае жыццё сялянства, якое задыхалася ад беззямелля, цярпела нястачы. У вершаванай аповесці «Кепска будзе!» паэт паказвае бесчалавечнасць царскіх чыноўнікаў і паноў, бясконцыя пакуты простага беларускага мужыка.

Аліндарка — галоўны герой твора — нарадзіўся ў сакавіку, нешчаслівым, па народных павер'ях, месяцы. Зімовыя запасы ўжо з'едзены, а да лета яшчэ далёка. «Кепска будзе!» — такімі словамі сустракае бацька сына, як быццам ведаючы наперад яго лёс:

Як я толькі нарадзіўся —
Бацька сказаў: «Кепска будзе!»
Ну дык жа ж не памыліўся:
Здзекавалісь Бог і людзі.

I словы бацькі спраўдзіліся. 3 самага нараджэння хлопчыка суправаджаюць няшчасці: недарэчнае хрышчэнне халоднай вадой з рэчкі, смерць бацькоў, галеча і голад. У дваццацігадовым узросце Аліндарку западозрылі ў імкненні ўхіліцца ад рэкруцтва (ён не быў запісаны ў метрычнай кнізе) і кінулі ў астрог. Айчым, які верыць, што «праўда гдзесьці не змёрла», бярэцца за цяжкую справу па выратаванні свайго прыёмнага сына. Ён абівае судовыя парогі Вільні і Ліды і дамагаецца свайго — вызваляе Аліндарку з няволі.

У вершаванай аповесці «Кепска будзе!» Ф. Багушэвіч паказвае шлях абуджэнвя чалавечай годнасці беларускага сялянства. Людзі, якія жылі на гэтай зямлі без свайго імя, пачынаюць шукаць і знаходзіць яго, пачынаюць усведамляць сваё чалавечае «я», сцвярджае паэт. Бяздольны, пазбаўлены чалавечых правоў, Аліндарка не страціў сваіх лепшых якасцей, добрых намераў. Хлопец вырас працавітым, кемлівым, з чулай душой. Жыццёвыя нягоды не зламалі героя, а, наадварот, загартавалі яго характар. Калі асэсар зневажае яго і б'е па твары айчыма, Аліндарка паводзіць сябе смела і рашуча. Ён дае належны адпор крыўдзіцелю, узяўшы яго за грудзі і пхнуўшы лбом у дзверы.

У астрозе Аліндарка сваімі вачыма бачыць здзекі і глумленні з людзей, часта ні ў чым не вінаватых. Ён спачувае ім, жадае хутчэйшага вызвалення. Турэмнае зняволенне, зняважлівыя адносіны да Аліндаркі турэмшчыкаў яшчэ болып развілі ў ім імкненне да свабоды. Птушка, нагадвае герой твора, каб не быць у няволі, б'ецца ў клетцы галоўкай, пакуль не заб'ецца; злоўленая лісіца распорвае сабе чэрава, каб памерці, а не жыць у няволі; нават змяя-мядзянка, зачыненая ў шкляным посудзе, будзе джаліць сябе, пакуль не заііне. I таму свабода для Аліндаркі раўнацэнна жыццю. «Так здаецца і сканаў бы, за свабоду жыццё даў бы!» — усклікае ён.

Расказваючы пра цяжкі лёс Аліндаркі, Ф. Багушэвіч паказвае невыносныя ўмовы жыцця беларускага народа, вострую нянавісць яго да прыгнятальнікаў, абуджэнне пачуцця чалавечай годнасці, смеласці і свабодалюбства. Такім людзям будзе кепска да той пары, сцвярджае паэт, пакуль яны не пераадолеюць сваёй патрыярхальнасці, у тым ліку і веры ў справядлівы царскі суд.

Ф. Багушэвіч быў перакананым рэвалюцыянерам-дэмакратам, пуцяводнай зоркай для якога сталі ідэі К. Каліноўскага. Ён мог жыць без лішніх клопатаў, ціха і спакойна, як многія яго калегі-чыноўнікі. Але паэт свядома выбраў шлях цяжкіх выпрабаванняў і барацьбы, бо найважнейшым для сябе лічыў справядлівасць і праўду. Пошукамі праўды, якая «згінула ў свеце», якую «каменнем накрылі», марай пра лешпы час, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй», прасякнута творчасць Ф. Багушэвіча і ўсе парывы яго шчырай душы.