Аналіз творчасці Міхася Чачота. "Гляджу я ў потнае акно вялікай будучыні"
Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар.
Я балота буджу гучным шумам.
У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар,
Але змоўкнуць не дам сваім струнам.
М. Чарот
Творчасць М. Чарота ў многім тыповая для пакалення пісьменнікаў, што прыйшло ў літаратуру адразу пасля Кастрычніка. Яго творам уласцівы рамантычная акрыленасць, урачыстасць, узнёсласць, дынамічнасць, мяцежна-бунтарскі дух. Паэт адлюстроўваў гераічны пафас рэвалюцыйнай барацьбы, жыццё ў яго бурлівым развіцці, вялікае супрацьстаянне новага і старога. Вобразы буры, ветру, навальніцы, завірухі, чырвонага вогнішча, веснаходу, буралому, агню, пажару складаюць аснову першых зборнікаў М. Чарота "Завіруха", "Веснаход" і выяўляюць іх рэвалюцыйны змест. М. Чарот лічыцца ў беларускай літаратуры адным з пачынальнікаў рэвалюцыйнай тэматыкі, якая атрымала ў яго ў вялікай ступені сацыяльна-класавую, палітычную акрэсленасць. У героіка-рамантычнай паэме "Босыя на вогнішчы" жорсткая і крывавая рэвалюцыя паказваецца як непазбежнасць і адзіная ўмова разняволення сіл беларускага народа. Паэт супрацьпастаўляе дзве непрымірымыя сілы — "босых" (рабочых і сялян) і іх прыгнятальнікаў (паноў, чыноўнікаў, афіцэраў, папоў) — і верыць у неабходнасць зруйнавання старога ладу, надыход "вялікай будучыні" дня. Змагаецца праца з багаццем:
Свет новы жыццё ўтварае.
Зышліся дзве моцныя раці,
І праўда няпраўду змагае.
У цэнтры паэмы — мастацка-абагульнены вобраз народа, грамады, магутная рака рэвалюцыйнага руху:
Яны — байцы вялікай раці.
Іх хата там, дзе ёсць прастор.
Няволя, крыўда — вось іх маці!
Ідуць яны да сонца й зор.
Своеасаблівым працягам "Босых на вогнішчы" можна лічыць паэму-фантазію "Чырванакрылы вяшчун", героем якой з'яўляецца новы (савецкі) чалавек. Ён узняўся на незвычайным аэраплане над рознымі краінамі і кантынентамі з мэтай падняць дух рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбы працоўных гэтых краін. Верай у заўтрашняе сонца радасці, у Вялікую Будучыню, калі "жыць стане лепей", Беларусь стане "Вольнай, Вялікай" і "шчырае дзякуй скажуць нам дзеці будучай светлай камуны", напоўнены радкі паэм "Беларусь лапцюжная", "Карчма" і вершаў "Бунтар", "Буралом", "На новай зямлі", "Заўтра". У некаторых вершах М. Чарот выступае як тонкі псіхолаг, філосаф, даследчык чалавечай душы. Так, лірычны герой вершаў "З сучасных настрояў", "На шляху адраджэння" задумваецца над складанымі супярэчнасцямі жыцця, адчувае драматызм свайго становішча, немагчымасць адкрыта выяўляць свае адносіны да рэчаіснасці:
Я нейкім чорным туманом
Усё жыццё сваё спавіты...
Я бачыў шчасце толькі сном...
Мой човен хвалямі разбіты.
М. Чарот унёс значны ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва і драматургіі. Ён быў старшынёй тэатральнай групы "Маладзік", удзельнічаў у многіх спектаклях трупы ўладзіслава Галубка, пісаў п'есы для тэатральных пастановак, спяваў у хоры ў. Тэраўскага. З драматычных твораў найбольш вядомы п'есы "Мікітаў лапаць" (яна і зараз у рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы) і "На Купалле" (паводле яе была створана опера "Квётка шчасця" А. Туранкова). М. Чарот вядомы і як аўтар празаічных твораў, у якіх у большай ступені прытрымліваўся рэалізму, чым рамантызму. Яны, як правіла, прысвечаны беларускай вёсцы 20-х гг. Па аповесці "Свінапас", якая ўзнаўляе падзеі грамадзянскай вайны, быў створаны першы беларускі мастацкі фільм "Лясная быль" (1926). У 30-я гады пясняр рэвалюцыі адчуў неажыццявімасць сваіх рамантычных мар, атручаных жорсткай рэальнасцю, зведаў на сабе несправядлівую крытыку за адсутнасць "акрэсленай мастацкай пазіцыі" і ўрэшце быў арыштаваны за контррэвалюцыйную дзейнасць і асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Апошні свой верш "Прысяга" М. Чарот запісаў на сцяне мінскай турмы, дзе яго ўдалося прачытаць і захаваць у памяці М. Хведаровічу.
Дыскусіі
2 года 33 недели назад
3 года 26 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 32 недели назад
3 года 42 недели назад
4 года 32 недели назад
4 года 33 недели назад
4 года 34 недели назад
5 лет 22 недели назад
5 лет 25 недель назад