Дзяды - вытокі кожнага народа
Продкамі не грэбуйце ніколі,
Бо яны жыццём сваім, крывёю
Здабывалі і зямлю, і волю.
Э. Валасевіч
Дзень памяці продкаў у народзе называюць дзядамі. Гэты народны памінальны абрад паходзіць ад дахрысціянскага ўсходнеславянскага звычаю трызны і спраўляецца чатыры разы на год (перад Змітравым днём, на радаўніцу, перад масленіцай і сёмухай). Лічыцца, што ў гэты дзень душы памёршых продкаў прыходзяць да жывых, глядзяць на сваіх нашчадкаў, радуючыся за іх поспехі і сумуючы, калі ў хаце штосьці робіцца не так. Таму на дзяды гатавалі святочныя і абрадавыя стравы, запальвалі свечкі, успаміналі добрым словам памёршых дзядоў і прадзедаў, клікалі на вячэру, паклаўшы для іх на асобныя талеркі куццю. А ці помнім мы сваіх дзядоў-прадзедаў? Ці можам адшукаць свае карані ў радаводным дрэве Беларусі? Такое пытанне ў адным з вершаў задае Р. Барадулін:
Дзе карані твае,
Адкуль твой род пачаўся,
Ці з прыцемкаў быцця, -
Ці з цемры небыцця...
Наш сучаснік наўрад ці можа адказаць на гэта пытанне. Добра, калі ён прыгадае прозвішча і імя дзеда ці прадзеда. Радавод, на жаль, гэтым заканчваецца. Падкрэсліваючы кароткую радаводную памяць нашых сучаснікаў, А. Русецкі піша:
Я - мужыцкі сын, і радаслоўная
анідзе не значыцца мая,
дзед і прадзед, а далей замглёная
далячынь - стагоддзяў акіян.
Гэтую ж думку пацвярджае і В. Вітка ў вершы "Спадчына":
Адтуль вяду я свой жыццёвы след
і радаслоўную пішу спачаткў,
Бо на той свет з сабою цемнік-дзед
Забраў і герб фамільны, і пячатку.
Калі ж прасачыць гісторыю Беларусі, то ў ёй можна без цяжкасцей адшукаць такія славутыя постаці, як князь Рагвалод, Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі. Пажаўцелыя старонкі летапісаў уваскрашаюць смелыя і адважныя ўчынкі чараўніка князя ўсяслава, у час кіравання якога полацкая дзяржава дасягнула найвышэйшага росквіту; дзейнасць нябеснай заступніцы Беларусі Ефрасінні Полацкай, па заказе якой была пабудавана сусветна вядомая царква Спаса і створаны крыж - шэдэўр старажытнабеларускага мастацтва; творчы запал славутага пісьменніка, мастака, прапаведніка Кірылы Тураўскага. Эпоху Адраджэння нельга ўявіць без першаасветніка, друкара, рэфарматара мовы, лекара і батаніка Францішка Скарыны, багатая спадчына якога і сёння служыць ідэі нацыянальнага адраджэння. Яркім прыкладам служэння Айчыне з'яўляюцца жыццё і дзейнасць Льва Сапегі, Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Лявонція Карповіча, Лаўрэнція Зізанія. Нязгасныя імёны Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча складаюць гонар і славу нашага народа. Выдатныя пісьменнікі, дзяржаўныя дзеячы, змагары за свабоду і незалежнасць Беларусі сеялі на зямлі зярняты вечнага дабра і праўды, паказвалі ўзоры мужнасці і самаахвярнасці. Нагадваем гэтыя імёны, і гордасцю поўніцца сэрца. Значыць, мы "не без роду, без племені", значыць ёсць у нас спадчына, багатая, цікавая і разнастайная. Падкрэсліваючы гэта, народны паэт Беларусі Н. Гілевіч сцвярджае:
Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена,
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані — з вузялкамі ўпартасці.
На дзяды памінаюцца і нашы далёкія продкі, і трагічныя фігуры сталінскіх рэпрэсій 30-х гг., і загінуўшыя ў гады ваенных ліхалеццяў, і нашы блізкія, родныя. У кожным з нас павінна жыць памяць аб іх светлых вобразах. Не павінна забыцца, сцерціся з памяці і бацькоўская вера, матчына мова, народныя звычаі, традыцыі. Без ведання гістарычнага мінулага не можа быць ні сучаснасці, ні будучыні. Мінулае - гэта карані нашага тысячагадовага радавога дрэва. Не будзе каранёў - загіне дрэва, не застанецца ў будучым і памяці пра нас. і таму трэба ахоўваць, берагчы не толькі радаводнае дрэва, але і кожную яго галіну, якая, тоячы ў сабе памяць далёкіх продкаў, павінна вечна шумець сакавітым лісцем.
Дыскусіі
2 года 38 недель назад
3 года 31 неделя назад
3 года 37 недель назад
3 года 37 недель назад
3 года 48 недель назад
4 года 38 недель назад
4 года 39 недель назад
4 года 39 недель назад
5 лет 27 недель назад
5 лет 30 недель назад