Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Водгук на камедыю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта". Крытыка царскай судовай бюракратыі

Ноя/10

04

Сярэдняя: 3.6 (5 галасоў)

Камедыя "Пінская шляхта" — выдатнае дасягненне беларускай нацыянальнай драматургіі. Значны ўплыў на стварэнне камедыі аказала паўстанне 1863-1864 гг., да якога В. Дунін-Марцінкевіч аднёсся насцярожана, з пункту гледжання шляхецкай дэмакратыі. Няма падстаў лічыць яго актыўным удзельнікам тых падзей, аднак яны не маглі не паўплываць на далейшы жыццёвы і творчы шлях пісьменніка. Больш за год В. Дунін-Марцінкевіч знаходзіцца пад следствам у мінскай турме, а яго старэйшую дачку за ўдзел у паўстанні саслалі ў Сібір. і таму камедыя рэзка адрозніваецца ад папярэдніх твораў (п'есы "Сялянка", паэмы "Гапон"). У ёй назіраецца ўжо іншы падыход аўтара да шляхты (учарашніх бунтаўшчыкоў), да прадстаўнікоў царскай улады — паліцэйскіх, судовых чыноўнікаў, следчых. Цэлая армія іх была прыслана ў Беларусь праводзіць палітыку "православія, народності", палітыку прышчаплення вялікадзяржаўнай ідэі самаўладства. Дзеянне ў "Пінскай шляхце" адбываецца ў адным з глухіх палескіх засценкаў Пінскага павета, дзе ўсе лічаць сябе шляхціцамі, дваровымі. Двое "шляхцічаў" іван Цюхай-Ліпскі і Ціхон Пратасавіцкі пасварыліся і нават пабіліся з-за таго, што адзін абазваў другога мужыком. За гэту вялікую "абразу" Ліпскі падае на Пратасавіцкага ў суд. На разгляд справы ў закінуты мядзведжы куток прыязджае станавы прыстаў Кручкоў з пісарам Пісулькіным. Каб больш яскрава паказаць тыповыя рысы "судовых людзей", В. Дунін-Марцінкевіч уводзіць у п'есу сцэну судовага пасяджэння, якая ўспрымаецца як вострая пародыя на царскі суд. Кручкоў не судзіць, а камандуе, загадвае, адным словам, распараджаецца ў судзе, як яму толькі ўздумаецца. "Найяснейшая карона" пускае ў ход усе свае здольнасці: корчыць сур'ёзную фізіяномію, адзін вус ставіць угору, а другі — уніз, спасылаецца на неіснуючыя законы, указы, дапускае такія сцвярджэнні, ад якіх у вачах цёмна робіцца. Так, ён сцвярджае, што імператрыца Лізавета Пятроўна выдавала свае ўказы ў 1893 г., у той час як сам герой дзейнічае ў 60-х гг. XіX ст. Па Кручкову, у красавіку налічваецца 49 дзён, у верасні - 75, у кастрычніку - 45. і гэту бязглуздзіцу з увагай слухае шляхта (былое рыцарства польскіх каралёў і феадалаў). Яна нават прыходзіць у захапленне ад юрыдычных здольнасцей прыстава. Гэтым аўтар высмейвае не толькі тупасць, нахабства, самавольства Кручкова, але і невуцтва, адсталасць правінцыяльнай шляхты, якая нават не ведае летазлічэння, веку і году, у якім жыве. На думку В. Дуніна-Марцінкевіча, шляхта перарадзілася ў саслоўе, якое толькі аддалена (хутчэй па прэтэнзіях і амбіцыях) нагадвае панства. На самой жа справе яна ўяўляе безнадзейна адсталае, інертнае асяроддзе; часам шляхціц жыве горш за селяніна. і гэта кансерватыўнае, ганарыстае "асяроддзе" служыла ў часы рэакцыі апорай царскага самаўладства і такіх яго "дзеячаў", як прыстаў і пісар. Панаванне кручковых і пісулькіных толькі і магчыма сярод забітай, цёмнай, але ганарлівай шляхты. Прыстаў, надзелены ўладай, сярод шляхты не лічыць патрэбным нават захоўваць знешнюю форму правасуддзя. Ён аб'яўляе вінаватымі тых, хто ніякіх адносін да справы не мае: "Сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі, — па 9-ці рублёў, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла, — па 3 рублі". Кручкоў наскрозь бачыць закасцянелую, пыхлівую шляхту і скарыстоўвае любую магчымасць, каб вывудзіць з яе кішэняў грыўны, рублі і чырвонцы. Аднаму з шляхціцаў ён прысуджае пакаранне ў 25 лоз без дывана, на голай зямлі. Добра ведаючы, што такое пакаранне лічылася мужыцкім, "нечуваным уніжэннем", ён тым самым здзірае з яго апошнія грошы. Цёмныя ж пінчукі так бароняць свой шляхецкі гонар, што гатовы аддаць апошнюю кашулю, абы толькі пазбегнуць лоз на голай зямлі. Нахапаўшы досыць грошай, прыстаў не грэбуе сушанымі грыбамі, рыбай, мёдам, зайцамі. "За добры гасцінчык" найяснейшая "карона" згаджаецца дапамагчы закаханым Грышку і Марысі. У канцы камедыі Кручкоў сутыкае шляхціцаў Альпенскага і Статкевіча, каб яшчэ раз прыехаць за спажываю, спадзеючыся на новае "жніво". Вобраз Кручкова пададзены ў п'есе ў сатырычнай форме. Аб гэтым сведчаць блытаніна ў фактах і законах, яго знешні выгляд, мова, падобная да страшэннай мешаніны слоў, розных выразаў, запазычаных з судовых дакументаў, тыпу "лічнасць падвергнецца апаснасці", "пусть выступят вперод", "в пользу врэменнага прысуцтвія". Двайніком свайго непасрэднага начальніка, яго верным слугою і надзейным памочнікам з'яўляецца пісар Пісулькін. Ён, як і Кручкоў, займаецца хабарніцтвам. З вялікім задавальненнем пісар прызнаецца: "Харашо быць пісьмавадзіцелем у разумнага чалавека, маляваныя госцікі (грошы) самі ў карман лезуць, не нада і рук выцягваць". В. Дунін-Марцінкевіч у вобразах станавога прыстава Кручкова і яго памочніка Пісулькіна па-мастацку дасканала і знішчальна выкрыў царскае чыноўніцтва Расіі (асноўную палітычную апору расійскага самадзяржаўя), для якога характэрнымі былі хцівасць, хабарніцтва, грубасць, свавольства, невуцтва, п'янства. Напэўна, па гэтай прычынё ў 1890 г. віленскі губернатар рашуча запратэставаў супраць друкавання камедыі. і толькі ў 1918 г. выдатны твор В. Дуніна-Марцінкевіча ўбачыў свет.