Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Водгук на паэму Канстанціна Вераніцына "Тарас на Парнасе". Вобраз палясоўшчыка Тараса

Ноя/10

04

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Паэма "Тарас на Парнасе" напісана ў сярэдзіне XіX ст. Аўтарства яе прыпісвалася В. Равінскаму, Т. Манькоўскаму, В. Дуніну-Марцінкевічу, А. Вярыгу-Дарэўскаму, студэнтам Горы-Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. Г. Кісялёў лічыць, што паэму напісаў Канстанцін Вераніцын, які нарадзіўся на Віцебшчыне. Гэтай думкі сёння прытрымліваецца большасць даследчыкаў. Галоўны герой паэмы — палясоўшчык Тарас. Гэта чалавек дасціпны, кемлівы, сумленны ў адносінах да сваёй працы. Ён па-свойму, крыху смешна, успрымае жыццё і тлумачыць яго на свой сялянска-практычны лад. Аднойчы, стомлены нялёгкай працай, Тарас прысеў адпачыць і заснуў. У сне з ім здараюцца неверагодныя прыгоды: уцякаючы ад мядзведзя, Тарас трапіў у яму і аказаўся на тым свеце, пры дарозе, што вяла на гару Парнас. Падымаючыся на гару, ён сустракаецца з вядомымі пісьменнікамі Пушкіным, Лермантавым, Жукоўскім, Гогалем, якія выступалі за дэмакратызацыю літаратуры, яе народнасць і гуманізм. Тут жа, ля падножжа гары, Тарас бачыць пісьменнікаў-рэакцыянераў Грэча і Булгарына, да якіх адносіцца з іроніяй, сарказмам. Так, партрэтная замалёўка Булгарына носіць з'едлівы, выкрывальны характар:
Гляджу сабе - аж гэта сівы,
Кароткі, тоўсты, як чурбан,
Плюгавы, дужа некрасівы,
Крычыць, як ашалелы, пан.
Аўтар твора, як бачым, добра ведаў літаратурна-грамадскую барацьбу таго часу, выступаў супраць афіцыйных ідэй класіцызму, супраць ідэалізаванага паказу жыцця беларускага сялянства, псеўданароднасці. На Парнасе Тарас трапляе ў палац, дзе жывуць багі. Гэта звычайны сялянскі двор, на якім "свінні ходзяць, сабакі, козы, бараны". Багі, адкрывае для сябе Тарас, жывуць як звычайныя сяляне, падобныя да іх. Яны вядуць гаспадарку, носяць звычайнае адзенне, ядуць традыцыйныя сялянскія стравы (кулеш, капусту, крупнік), танцуюць народныя танцы, мыюць у начоўках кашулі і порткі. Венера, напрыклад, нагадвае герою паэмы сялянскую дзяўчыну. Яна "чырвона, тоўста, круглаліца", што адпавядае сялянскаму ідэалу жаночай прыгажосці. Праўда, не зусім падабаецца яна Тарасу, бо ўвесь час круціцца перад люстэркам, дбаючы толькі пра сваю прыгажосць. Не даспадобы палясоўшчыку разбэшчаныя, схільныя да п'янства, уладалюбівыя багі (Зеўс, Бахус, Амур). і толькі да Гебы, якая вядзе ўсю гаспадарку, Тарас ставіцца з сімпатыяй і спачуваннем. З багамі Тарас трымае сябе ўпэўнена, з пачуццём уласнай годнасці. Яму ўласцівы народны гумар, уменне адчуваць прыгожае і захапляцца ім. Сваім танцам герой паэмы зачараваў, здзівіў багоў: Як стаў прыстуківаць атопкам, Аж рот разявілі багі:
То ён прысвісне, то прытопне,
То шпарка пойдзе ў кругі.
Калі ўжо багі захапіліся танцам селяніна, то, мусіць, неабходна звярнуць увагу на народнае мастацтва, на таленавітасць простага чалавека. Гэтая прагрэсіўная думка і выказваецца ў паэме. Просты беларус, лічыць аўтар, мае поўнае права заняць месца сярод багоў, міфічных герояў і людзей самага высокага рангу. На Парнас (і ў літаратуру) прыйшоў кемлівы, разважлівы, дасціпны, разумны чалавек. Паэма "Тарас на Парнасе" спалучае ў сабе два моманты: рэальны і казачны. Рэальнымі з'яўляюцца паляванне і служба Тараса, адносіны да яго пана і войта, апісанне заняткаў простых людзей (як яны "хазяйства водзяць", як лапці падплятаюць, робяць рыбалоўныя сеці, як апранаюцца, што ядуць, як праводзяць вольны час). Казачнай (умоўнай) з'яўляецца сцэна пад гарой і на гары Парнас, дзе Тарас сустракаецца з вядомымі і невядомымі пісьменнікамі, літаратурнымі персанажамі, антычнымі багамі (дзеянне адбываецца ў сне). Такая кампазіцыя твора, дзе пераплятаецца рэальнае і казачнае, дазволіла аўтару смела выявіць свае адносіны да пісьменнікаў і літаратурнага працэсу, да жыцця багатых і бедных людзей. Сам жа твор нагадвае вясёлую казку: ёсць у ёй падземнае царства, незвычайныя прыгоды, здарэнні і шчаслівы канец. і гэтай казцы з слаўным палясоўшчыкам Тарасам суджана доўгае жыццё і нязменны поспех у чытачоў. Паэма з'явілася крыніцай натхнення для сучасных беларускіх пісьменнікаў. У канцы 80-х гг. была апублікавана паэма Ф. Ведзьмака-Лысагорскага "Сказ пра Лысую гару", у якой таксама ў форме дасціпнага жарту паказана жыццё сучасных пісьменнікаў.