Водгук на паэму Якуба Коласа "Новая зямля". Жыццёвая дарога Міхала
... Маё апавяданне
Жыцця адбітак, разважанне.
Нязжыты след прасцяцкай долі,
Адвечны водгук праўды, волі.
Я. Колас
Паэма Я. Коласа "Новая зямля" — вяршыня паэтычнага майстэрства песняра. Працаваў над ёй аўтар больш за дванаццаць гадоў: паэма была пачата ў 1910 г., а апошні раздзел — трагічная развязка — напісаны ў 1923 г. З аповесці аб жыцці адной лесніковай сям'і паэма перарастае ў вялікі твор аб жыцці беларускага сялянства ў канцы XіX ст. (яго быце, звычаях, беззямеллі, збядненні, пошуках кавалка хлеба на панскай службе, яго абуджэнні і ўсведамленні сваёй чалавечай годнасці). Праблемы зямлі і волі з'яўляюцца асноўнымі ў творы. Галоўны герой паэмы — Міхал. Беззямелле і галеча прымушаюць яго "вандраваць" у жыцці: "хадзіў на сплаў ён, на віціны, разоў са два хадзіў у Прусы", а пасля наняўся лесніком да князя Радзівіла. Міхал працуе не шкадуючы сіл, здароўя. Ён ахоўвае лес, даглядае за статкам, "правіць" сенакосы, "ставіць" рабочых, выконвае шматлікія загады і даручэнні пана ляснічага. У працы ён знаходзіць задавальненне, верыць у яе як аснову жыцця і дабрабыту, спадзяецца сваімі рукамі здабыць сваё шчасце. Дзякуючы руплівай і стараннай працы, неабжытыя і занядбалыя куткі, у якіх апынаецца герой паэмы, становяцца ўтульнымі і квітнеючымі:
Ўсё зацвіло, загаманіла,
Бы жыватворная тут сіла
Ад сну прыроду абудзіла.
Міхал — чалавек клапатлівы, спагадлівы. Ён верны муж і патрабавальны бацька. Шчыра любячы дзяцей, ён часам сур'ёзна ставіцца да іх. Наймаючы "дарэктара", Міхал спадзяецца: "а вось мо' з меншых што і будзе, няхай яны ўжо йдуць у людзі". Герой твора чула адносіцца да брата Антося і разам з ім любіць пажартаваць, павесяліцца, падзяліцца земляробчай мудрасцю. Працуючы ў Радзівіла, Міхал сутыкаецца з жорсткімі і няўмольнымі законамі, якім трэба падпарадкоўвацца працоўнаму чалавеку. Служба ставіць яго ў поўную залежнасць ад волі пана ляснічага. Прыгнёт, знявага, прыніжэнне, лаянка, пагрозы, варожыя адносіны сялян — усё гэта цяжкім грузам кладзецца на душу Міхала. Героя не задавальняюць умовы жыцця і працы, і ён шукае выйсця з цяжкага паднявольнага становішча.
А дзе ж той выхад? Дзе збавенне?
З няволі цяжкай, з паланення?
Адзін ён ёсць: зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ралля.
То — наймацнейшая аснова
І жыцця першая ўмова.
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць.
Вызваліцца з-пад улады пана, стаць свабодным, на думку Міхала, можна шляхам набыцця зямлі:
Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля — вось што аснова!
Думка аб зямлі свяціла Міхалу "зоркай яснай" у самыя змрочныя дні, надаючы сэнс яго жыццю. Зямля ва ўяўленні Міхала — "аснова ўсёй айчыне", надзея на вызваленне "з няволі цяжкай, з паланення", "промень волі і свабоды". Стаць гаспадаром на сваёй зямлі — значыць стаць распарадчыкам свайго лёсу:
Свая зямля, свая пасада!
Ці ёсць мацнейшая прынада?
Мара Міхала аб зямлі высакародная, узвышаная. Гэта не дробнаўласніцкі разлік (як раней лічылася ў літаратурнай крытыцы), а спроба духоўнага разняволення, самасцвярджэння асобы. Зямля павінна належаць таму, хто на ёй працуе. Галоўны герой хоча быць гаспадаром на сваёй зямлі. І калі б так стала, Міхал здабыў бы свабоду, незалежнасць, дабрабыт, адчуў бы асалоду вольнай працы. Але мара аб набыцці зямлі аказалася неажыццявімай, ілюзорнай. Міхал памірае з надзеяй, што Антось прадоўжыць пачатую ім справу:
Вядзі ж ты рэй, вядзі... адзін...
Як лепшы брат, як родны сын.
Бог не судзіў мне бачыць волі
І кідаць зерні ў свае ролі...
Лёс Міхала з пункту гледжання сённяшняга дня ўспрымаецца з болем і трывогай. Я. Колас нібы прадчуваў трагічнасць шляху беларускага селяніна да сваёй зямлі. І рэальнае жыццё паказала, што справа Міхала не магла быць прадоўжана. Масавая калектывізацыя канца 20 — пачатку 30-х гадоў, якая нібы ратавала селяніна ад беднасці і забяспечвала шчаслівую будучыню, разбурыла сялянскія ідэалы і тым самым пацвердзіла марнасць шляху Міхала (і ўсяго сялянства) да зямлі. Мара Міхала аб уласнай зямлі ў паэме становіцца бяскрылай, ператвараецца ў ідэю без будучыні. Паэма Я. Коласа "Новая зямля", напісаная даўно, гучыць надзённа і сёння. Яна вучыць паважаць працу хлебароба, якая з'яўляецца не толькі крыніцай дабрабыту, але і асновай фарміравання вышэйшых маральных норм і якасцей чалавека.
Дыскусіі
2 года 33 недели назад
3 года 26 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 32 недели назад
3 года 42 недели назад
4 года 32 недели назад
4 года 33 недели назад
4 года 34 недели назад
5 лет 22 недели назад
5 лет 25 недель назад