Аналіз творчасці Сімяона Полацкага. Рэферат
Літаратурная спадчына славутага беларуска-рускага паэта, драматурга, асветніка і філосафа Сімяона Полацкага даволі разнастайная і непаўторная. Ён складаў оды, элегіі, гімны, казанні, панегірыкі, загадкі, эпітафіі, плачы, удзельнічаў у падрыхтоўцы поўнага перакладу расійскай Бібліі і напісанні праекта першай у Расіі найвышэйшай навучальнай установы, паводле якой пазней была ўтворана Славяна-грэка-лацінская акадэмія. У царскіх харомах Сімяон Полацкі адкрыў незалежную ад патрыярхавай цэнзуры друкарню, першай кнігай якой стаў "Буквар языка славенскага, сіречь начало ўченія детем хотяшім учіттіся чтенію пісаній". Наш зямляк стаяў ля вытокаў першага ў Расіі тэатра, створанага ў 1672 г. пры двары Аляксея Міхайлавіча. Адзін з самых адукаваных людзей свайго часу, Сімяон Полацкі лічыў абавязкам несці людзям веды ў літаратурных творах. Творы нашага славутага земляка прысвечаны розным рэлігійным святам, падзеям царкоўнага жыцця, роднай зямлі, яе гарадам (Полацку і Віцебску) і святыням. Так, у элегіі "Пралог да прападобнай маці Ефрасінні" паэт, услаўляючы асабістыя заслугі ўнучкі ўсяслава Чарадзея, разважае аб гістарычным лёсе Айчыны, трывожыцца за яе будучыню. Творчасць паэта захоўвала традыцыі славянскай гімнаграфіі, і таму нямала хвалебных узнёслых радкоў прысвечана пэўным асобам, падзеям. Культ жа асобы маскоўскага цара ў творах набывае асабліва манументальны характар. Паэт ідэалізуе яго як абаронцу радзімы, мудрага і справядлівага дарадчыка. Творчасць Сімяона Полацкага вызначаецца энцыклапедычнасцю, шырокім ахопам падзей. У вершах уздымаюцца сацыяльна-філасофскія і гістарычныя пытанні, выкрываюцца заганы тагачаснага феадальнага грамадства, асуджаецца каставая іерархія, выказваюцца адносіны да "праведных" і "няправедных" войнаў, да творчай дзейнасці асобных мастакоў, прапагандуецца ідэя пашырэння асветы, культуры і навукі. У вершы "Глас последній ко господу Богу царя Алексея Міхайловіча" паэт ад імя памерлага расійскага цара разгортвае перад яго сынам-спадкаемцам вялікую, грунтоўна прадуманую праграму дзяржаўнай, грамадскай і асветніцкай дзейнасці, уключаючы і выдавецкую справу. У Маскве Сімяон Полацкі зрабіў вершаваны пераклад "Псалтыра". Ён прызначаўся для сямейнага чытання і быў упрыгожаны гравюрамі, што, безумоўна, спрыяла яго шырокаму распаўсюджанню. У 1678 г. Сімяон Полацкі падрыхтаваў да друку два зборнікі. У першым — "Рыфмалагіёне, або Вершаслове" — былі змешчаны ўзнёслыя вершы пра царскую сям'ю і яе акружэнне. Другі зборнік — "Вертаград мнагацветны" — з'яўляўся на той час сапраўднай энцыклапедыяй ведаў па гісторыі, антычнай міфалогіі, філасофіі, тэалогіі, маралі і хрысціянскай сімволіцы. Сімяон Полацкі з'яўляецца аўтарам двух п'ес — "Камедыі-прытчы пра блуднага сына" і трагедыі "Пра Навухаданосара цара...". У іх ён імкнуўся асучасніць евангельскія творы, наблізіць іх да рэальных падзей тагачаснага жыцця. Так, гісторыя пакут і раскаяння блуднага сына выкарыстоўвалася з выхаваўчай мэтай: маладое пакаленне, пакорлівае і паслухмянае, павінна паважна ставіцца да старэйшых, імкнуцца да пераемнасці традыцый, да стварэння сацыяльнай гармоніі ў грамадстве. Праз біблейскі сюжэт пра жорсткага і ганарлівага валадара-тырана старажытнай дзяржавы Навухаданосара аўтар спрабаваў сцвердзіць ідэю гуманнасці, высакароднасці, чалавекалюбства ў грамадстве. Навухаданосар пад уплывам знешніх абставін (выратавання трох юнакоў-іншадумцаў) мяняе свае адносіны да вернападданых, становіцца больш велікадушным, гуманным. Літаратурная спадчына Сімяона Полацкага адыграла вялікую ролю ў станаўленні беларускай паэзіі і драматургіі, развіцці іх жанраў і пашырэнні тэматычнай разнастайнасці.
Дыскусіі
2 года 33 недели назад
3 года 26 недель назад
3 года 32 недели назад
3 года 32 недели назад
3 года 42 недели назад
4 года 32 недели назад
4 года 33 недели назад
4 года 34 недели назад
5 лет 22 недели назад
5 лет 25 недель назад