Водгукі на вершы беларускіх паэтаў

Водгук на паэму Якуба Коласа "Сымон-Музыка". Беларускі Музыка-Арфей

Окт/10

20

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Паэма "Сымон-музыка" ў творчасці Якуба Коласа займае адметнае месца. Яна, як і многія іншыя творы беларускіх пісьменнікаў ("Курган" Я. Купалы, "Люцыян Таполя" М. Танка, "Сады вятроў" Я. Пушчы) прысвечана тэме мастака і мастацтва. Гэта глыбокі роздум пра лёс мастака і нацыянальнага мастацтва, праўдзівасць, бессмяротнасць і непадкупнасць народнага мастацтва, пра цярністыя шляхі абуджэння самасвядомасці беларусаў. Сапраўднае мастацтва павінна быць непарыўна звязана з роднай зямлёй і народам, з усім багаццем гукаў і фарбаў навакольнага свету. Ва ўступнай песні да паэмы Я. Колас засвядчае, што яго твор:
Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
Ад казак вечароў,
Ад песень дудароў,
Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,
Ад шораху начэй,
Ад тысячы ніцей,
З якіх аснована і выткана жыццё
І злучана быццё і небыццё, —
Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,
І выхаду шукаў
Адбітак родных з'яў
У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.
Галоўным героем твора з'яўляецца музыка-самародак Сымон, на долю якога выпалі цяжкія жыццёвыя выпрабаванні. Ад прыроды гэта быў незвычайных здольнасцей, таленавіты хлапчук, які глыбока ўспрымаў прыроду, адчуваў яе разнастайныя з'явы і змены:
У яго быў свет цікавы,
Свае вобразы, жыццё,
І ў душы яго ўсе з'явы
Сваё мелі адбіццё.
Значны ўплыў на развіццё здольнасцей хлопчыка аказаў дзед Курыла, у якім Сымон адчуў сябра, дарадцу, даверлівага субяседніка. Пасля смерці Курылы Сымону засталіся дзедавы скрыпка і смык. Жыццё ж змянілася карэнным чынам: бацькі жорстка абышліся з ім за тое, што на статак напалі ваўкі і парэзалі авечак. Без віны вінаваты Сымон з болем пакідае бацькоўскі дом, і з гэтага часу пачынаюцца яго цяжкія вандроўкі па свеце. На гэтых складаных жыццёвых дарогах Сымон сустракаецца з рознымі людзьмі (дзедам-жабраком, карчмаром, князем, Якімам, лёкаем Данілам, Ганнай), пазнае горкі хлеб жабрака, цяжкую працу найміта і панскага служкі. Спасцігаючы людзей і навакольны свет з яго шматлікімі супярэчнасцямі, Сымон не страціў дапытлівасці і цікавасці да ўсяго, не расставаўся з музыкай, якая ўносіла ў яго жыццё радасць, дазваляла выказаць сваё захапленне прыродай з яе гармоніяй і вечным аднаўленнем, перадаць разнастайную гаму чалавечых пачуццяў. Задумваючыся над сваім прызначэннем і роляй мастацтва ў грамадстве, ён паступова прыходзіць да філасофскага асэнсавання жыцця. На думку героя твора, музыка павінна прыносіць людзям радасць, "палёгку", дапамагаць ім у пошуках шляхоў да лепшага жыцця, шчасця. І таму ён:
Павандруе ў свет з скрыпуляй,
Песні будзе ён складаць,
Ён людзей дабром атуліць,
Каб палёгку людзям даць.
Паэма "Сымон-музыка" з асаблівай яскравасцю адлюстравала псіхалагічны стан Я. Коласа ў першыя паслярэвалюцыйныя гады. Паэт бачыў, што героем часу стаў не спагадлівы, міласэрны, разняволены рэвалюцыяй чалавек, а "асоба з ружжом", якой зброя замяніла амаль усе законы і маральныя нормы. І таму аўтар як бы выключае героя паэмы з жыцця: Сымон-музыка засынае сімвалічным сном на могілках, дзе пахавана Ганна. У 1923—1924 гг. Я. Колас істотна перапрацаваў паэму. Разгортванне працэсу беларусізацыі дазволіла паэту паверыць у адраджэнне роднага краю, яго мовы і культуры, у магчымасць пабудовы незалежнай Беларусі. Аўтар паэмы абудзіў Сымона ад сну і даў яму магчымасць сваім чароўным граннем вярнуць да жыцця Ганну — жывое ўвасабленне маці-Беларусі. Гэтым паэт хацеў паказаць бязмежпыя магчымасці мастацтва. Звязанае сваімі каранямі з народным жыццём, мастацтва можа выратаваць чалавека ад самай цяжкай хваробы, нават вярнуць яму жыццё.